Гулак: Правы чалавека – не ўнутраная справа дзяржавы
Чаму ў розных краінах правы чалавека разумеюць па-рознаму? Ці ёсць правы абавязковыя для ўсіх? Чаму ў нас ёсць права на жыццё, але застаецца смяротнае пакаранне
Пра гэта Еўрарадыё размаўляла са старшынём БХК Алегам Гулаком.
Еўрарадыё: Разуменне правоў чалавека ў нас і на захадзе адрозніваецца. Заходнія культуры маюць сваю інтэрпрэтацыю гэтай праблемы, мы – сваю… Вось, напрыклад, цытата Аляксандра Лукашэнкі: “Самае галоўнае права чалавека – гэта права на жыццё, працу, заробкі, у нас гэтыя пытанні вырашаюцца”… Іншыя краіны могуць больш увагі надаваць менавіта палітычным правам. У нас, як мы ведаем, акурат з гэтымі правамі найбольш праблем. Ці ёсць сапраўды праблема рознага разумення правоў чалавека?
Алег Гулак: Безумоўна, такая праблема існуе, і яна вельмі сур'ёзная. Сёння правы чалавека – неад'емная частка сусветных каштоўнасцяў, паняцце, замацаванае ў міжнародных дакументах на ўзроўні ААН. З іншага боку – гэта перш за ўсё “каштоўнасці заходняга свету”, да якіх астатнія пакуль яшчэ дацягваюцца. І калі грамадства заходніх краін вырастала на гэтых каштоўнасцях, то для многіх культур гэта не было натуральным.
Некаторыя краіны вельмі моцна стаяць на пазіцыі, што ёсць рознае разуменне правоў чалавека і розныя падыходы. Часта эліты карыстаюцца такой рыторыкай, калі не хочуць весці грамадства да гэтых стандартаў. Ідзе простая спекуляцыя… Мы часта чуем – “мы не можам так хутка дасягнуць гэтых патрабаванняў”. З аднаго боку – так… Але давайце гаварыць, што нам замінае? На гэта пытанне, на жаль, адказу няма.
На міжнароднай арэне Беларусь часта папракаюць невыкананнем правоў чалавека, парушэннем нормаў, якімі Беларусь абавязалася кіравацца ў межах АБСЕ. Ці можна гэта разглядаць як умяшанне ў справы іншай дзяржавы? Дзе ўвогуле праходзіць гэтая мяжа, калі парушэнне правоў чалавека – справа выключна канкрэтнай краіны, а калі ўжо закранае і іншыя краіны?
Вельмі важна разумець, што ў сённяшніх міжнародных стасунках правы чалавека не з’яўляюцца ўнутранай справай канкрэтнай дзяржавы. Гэты падыход быў фармальна замацаваны з пачаткам “хельсінскага” працэсу. Правы чалавека пачалі разглядаць як частку міжнароднай бяспекі.
Толькі дэмакратычныя краіны, краіны, якія імкнуцца да забеспячэння правоў чалавека – бяспечныя для сваіх суседзяў. Менавіта з гэтага падыходу вынікае, што правы чалавека ў канкрэтнай краіне важныя і для суседзяў, і для міжнародных арганізацый. “Наш спакой залежыць ад таго, што ў вас адбываецца”.
Кошт кватэры можа сур’ёзна мяняцца ў залежнасці ад таго, у якім яна знаходзіцца доме. Калі навокал прыстойныя людзі – гэта адно, а нават, калі ў вас там супер-рамонт, але навокал людзі, з якімі не вельмі хочацца жыць, то якасць жыцця вельмі змяншаецца.
Возьмем, напрыклад, краіны Афрыкі. Так, там было дрэнна з правамі чалавека, але яны былі стабільныя – эканамічна з імі можна было працаваць. І ў прынцыпе заходнія краіны гэта задавальняла – ціха, спакойна, няхай унутры дрэнна, але ж далёка… Але зараз мы бачым, што ўся гэта вонкавая стабільнасць рэзка стала нестабільнай і парадзіла праблемы для шмат якіх заходніх краін. Мы бачым, што цяпер адбываецца ў Італіі, а з гэтага праблемы і для ўсіх астатніх…
Нават Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека мае толькі рэкамендацыйны
характар… Ці ёсць канцэптуальныя правы чалавека, прызнаныя ўсімі краінамі?
Тут ёсць спецыфіка міжнароднага права, якое сур'ёзна адрозніваецца ад нацыянальнага – перш за ўсё тым, што там у прынцыпе няма механізмаў прымусу.
Калі ты, напрыклад, парушаеш падатковае заканадаўства краіны, то падатковая інспекцыя на цябе накладзе фінансавае спагнанне, альбо пазбавіць свабоды… Ёсць міліцыя, суд, пракуратура… Калі чалавек не жыве па законах краіны, ёсць механізмы пакарання.
На міжнародным узроўні такіх механізмаў няма. Там усё ж такі перш за ўсё працуюць джэнтэльменскія абавязкі, джэнтэльменскія пагадненні… Там усё адбываецца на ўзроўні палітычных асуджэнняў і санкцый. А гэта не наўпроставае забеспячэнне выканання. Няма механізмаў, якія б нейкім чынам прымусілі выконваць дэкларацыю правоў чалавека. З іншага боку нішто з тэксту дэкларацыі не дае магчымасці трактаваць стандарты, якія там зафіксаваныя, як рэкамендацыйныя.
Іншая справа, што калі тая ці іншая краіна не выконвае гэтых стандартаў, то тады ёй могуць пальчыкам пагразіць, асудзіць, могуць абмеркаваць гэтую праблему… Могуць прыняць рэзалюцыю…
Што тычыцца менавіта беларускага заканадаўства, якім чынам у нас забяспечваецца выкананне правоў чалавека?
У нашай Канстытуцыі (артыкул 8) замацаваны прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права, да якіх безумоўна адносіцца Дэкларацыя правоў чалавека. Такім чынам нацыянальная заканадаўства павінна адпавядаць гэтым прынцыпам. Іншая справа, што ў нашага грамадства на сёння няма эфектыўных механізмаў для таго, каб паўплываць на выкананне гэтага канстытуцыйнага прынцыпу.
Ці не застаецца паняцце правоў чалавека для большасці абстрактным, і не мае практычнай каштоўнасці? Напрыклад, у нас ёсць права на жыццё, пры гэтым смяротнае пакаранне не адменена. Як гэтыя рэчы суіснуюць?
Трэба разумець, што фармулёўкі міжнародных стандартаў напісаныя дастаткова агульнай мовай. Таму іх складана прымяняць наўпрост.
Дэкларацыя правоў чалавека была прынятая больш за 60 гадоў таму. І за гэты час мяняўся свет, мянялася жыццё, напаўненне гэтых фармулёвак, іх разуменне таксама карэктуецца. Тое самае як амерыканская Канстытуцыя была прынятая 200 гадоў таму, але працуе і цяпер. А гэта значыць, што пэўнае напаўненне фармулёвак усё ж такі карэктуецца ў залежнасці ад развіцця грамадства.
Што тычыцца смяротнага пакарання, то міжнародныя пакты аб грамадзянска-палітычных правах не забараняюць наўпрост прымяненне смяротнага пакарання. Прытым, што гарантыя права на жыццё там таксама ўтрымліваецца. Але еўрапейскія краіны вырашылі, што яны разумеюць гэта такім чынам, што смяротнае пакаранне ўвогуле не павінна прымяняцца.
Сусветная практыка, грамадства відавочна гуманізуецца, рухаецца да больш высокіх стандартаў, і працэс адмены смяротнага пакарання – гэта пастаянны працэс. Усё больш і больш краін далучаецца да кола дзяржаў, якія забаранілі ў сябе смяротнае пакаранне.
Трэба разумець, што правы чалавека – гэта не проста тэорыя, якая існуе асобна. Правы чалавека – гэта непасрэднае жыццё, якое заўсёды складанае і неадназначнае. Галоўная праблема правоў чалавека – гэта пошук балансу. Балансу інтарэсаў асобы і інтарэсаў грамадства.
Таму большасць правоў чалавека не з'яўляюцца абсалютнымі, іх можна абмяжоўваць. Але ёсць тры крытэры, якія павінны ўлічвацца – абмежаванні павінны быць законныя, у мэтах абароны грамадскага парадку, а таксама павінны быць “неабходнымі ў дэмакратычным грамадстве”. Галоўная праблема – вызначэнне межаў, да якіх можна абмяжоўваць правы чалавека.
Чаму некаторыя краіны звяртаюць больш увагі на грамадзянска-палітычныя правы, а іншыя на сацыяльна-эканамічныя (права на жыццё ды інш.)?
Дэкларацыя правоў чалавека аб'ядноўвае і тыя, і тыя правы. Але калі пачалася далейшая праца па гэтых стандартах, акурат вылезла праблема, што заходнія краіны больш акцэнтаваліся на грамадзянска-палітычных правах, а краіны савецкага лагеру – на сацыяльна-эканамічных.
Чаму адбыўся такі падзел?
Зразумела, што немагчымая рэалізацыя грамадзянска-палітычных правоў без сацыяльна эканамічных. Калі людзі не маюць чаго есці, то цяжка гаварыць пра выбары, пра палітычныя партыі, свабоду слова і г.д. Калі чалавеку проста трэба выжыць…
Вядома, для таго, каб рэальна працавала судовая сістэма, каб забяспечвалася права на свабоду ад катаванняў, на чалавечыя ўмовы ўтрымання ў месцах зняволення, каб людзей менш пазбаўлялі свабоды, а больш уводзілі прафілактычныя меры, для гэтага ўсяго краіна павінна мець дастаткова высокі ўзровень эканамічнага развіцця. Павінны быць забяспечаныя мінімальныя патрэбы.
Але на маю думку краіны і лідары, якія крычаць пра першынство сацыяльна-эканамічных правоў, грунтуюцца не на каштоўнасці асобы, а на тым, што галоўнае накарміць людзей, і тым самым мінімізаваць пагрозы масавых супраціваў, якія перш за ўсё становяцца магчымымі, калі людзі не накормленыя…
Калі не забяспечваюцца сацыяльна эканамічныя праблемы – гэта стварае ўмовы для таго, каб маса людзей выйшла з-пад кантролю і пачала патрабаваць пераменаў.
Для таго, каб гэтага не адбылося, людзі павінны быць накормленыя, павінна быць стабільнасць… З іншага боку таксама важна, каб людзі былі пазбаўленыя грамадзянска-палітычных правоў, якія б як раз дазвалялі патрабаваць сваё. Такім чынам дасягаецца галоўная мэта – трымаць у падпарадкаванні грамадства.
Выконваць адны правы і не выконваць іншыя…
Так. дзяржава павінна ўсіх накарміць, усім усё даць. Яна за ўсё адказвае, але ўсё і вырашае. На гэтым пабудавана патэрналісцкае разуменне дзяржавы.
За гады дзейнасці БХК, што атрымалася зрабіць у сферы правоў чалавека? Людзі сталі больш ведаць пра свае правы? Ці навучыліся самі адстойваць свае правы?
Як раз у лістападзе было 15-годзе нашай арганізацыі. І першая старшыня БХК Таццяна Процька ўзгадвала, калі падавалі дакументы на рэгістрацыю Беларускага хельсінскага камітэту, Мінюст папрасіў прынесці дэкларацыю правоў чалавека і хельсінскія пагадненні. Яны тады гэтага не ведалі, не было тэкстаў, не было ведання, што гэта такое. Гэта было ў 1995 годзе. Зараз, натуральна, такога быць не можа, каб нейкі чыноўнік Мінюста пачаў прасіць прынесці такога кшталту дакументы.
У гэтым сэнсе, зразумела, 15 год дарэмна не прайшлі. З іншага боку шмат таго, чаго можна было дамагацца ў сэнсе правоў чалавека ў 1995 годзе, мы не можам дамагацца сёння. Тыя механізмы, якія спрацоўвалі тады, сёння не спрацоўваюць.
Напрыклад, у 1995 годзе ў нас не было палітзняволеных, а зараз ёсць… Я лічу, што тыя станоўчыя змены, якія прайшлі – яны безумоўна прайшлі ў тым ліку дзякуючы нашай працы. А тое, што ў некаторых сферах лепш не стала, а стала горш… Можа быць наша дзейнасць магла быць больш эфектыўнай, але мы стараліся. Але, на жаль, не ўсё ад нас залежыць.