Хілары Клінтан заклікала сваіх прыхільнікаў даць Дональду Трампу шанец
Хілары Клінтан заклікала сваіх прыхільнікаў даць Дональду Трампу шанец. Прадстаўніца Дэмакратычнай партыі прайграла прэзідэнцкія выбары ў ЗША кандыдату ад Рэспубліканскай партыі. Яна выказала надзею, што абраны прэзідэнт Дональд Трамп стане паспяховым кіраўніком дзяржавы (дарэчы, ён 45-ы амерыканскі прэзідэнт). Клінтан выступала перад сваімі прыхільнікамі ў Нью-Ёрку і яшчэ раз прызнала сваё паражэнне.
"Дональд Трамп будзе нашым прэзідэнтам, і мы абавязаныя даць яму шанец кіраваць краінай. Учора ўвечары я павіншавала Дональда Трампа і пагадзілася працаваць з ім на карысць нашай краіны... Мне шкада, што мы не змаглі адстаяць свае каштоўнасці на гэтых выбарах... Гэта балюча, і яшчэ доўга будзе балюча, але памятайце: у цэнтры нашай кампаніі быў не адзін чалавек, і нават не адны выбары", — цытуе словы Хілары Клінтан "Бі-Бі-Сі".
Клінтан заклікала прыхільнікаў змагацца за свае ідэалы — сацыяльную роўнасць, раўнапраўе і свабоду веравызнання. Паводле яе слоў, абавязак кожнага грамадзяніна ЗША "стварыць моцную, больш сумленную Амерыку".