Хлопчык вынес маленькага брата з агню, перадаў дарослым і страціў прытомнасць
Старэйшага брата, які вынес з агню малодшага, з апёкамі і парэзамі забралі ў бальніцу / mchs.gov.by
12-гадовы падлетак апынуўся ў бальніцы, пасля таго вынес з палаючага дома маленькага брата. Пажар у вёсцы Сідаравічы Мядзельскага раёна здарыўся напярэдадні вечарам.
Калі ратавальнікі прыехалі, аднапавярховы драўляны будынак гарэў адкрытым полымем, распавялі у МНС Беларусі.
Высветлілася, што ў момант надзвычайнага здарэння дома было двое дзяцей — 12-ці і 3-х гадоў. Яшчэ адно дзіця было ў суседзяў. Бацькоў дома не было. Старэйшы вынес малодшага на руках.
"Адзін з відавочцаў, падбегшы да дома, убачыў, як хлопчык трымаў на руках дзіця. На твары і руках у яго, акрамя апёкаў, былі парэзы, а акно ў кухні было разбіта", — распавялі ў МНС.
Хлопчык аддаў брата дарослым і страціў прытомнасць. З апёкамі і парэзамі рук і твару яго забралі ў бальніцу. Медыкі ацэньваюць стан падлетка як вельмі цяжкі.
Ратавальнікі патушылі пажар. Агонь знішчыў дах і маёмасць, пашкодзіў сцены дома. Пра прычыны здарэння пакуль нічога не паведамляецца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.