IKEA знайшла, чым замяніць драўніну з Беларусі і Расіі
IKEA адмовілася ад паставак драўніны з Беларусі і Расіі / pexels.com
Шведская кампанія IKEA знайшла альтэрнатыву пастаўкам драўніны з Ьеларусі і Расіі. Раней гэтыя краіны займалі пятае і шостае месца па аб'ёмах паставак, кажа менеджэр па пастаўках драўніны Ульф Ёхансан.
"Мы змаглі замяніць расійскія і беларускія аб'ёмы за кошт паставак з іншых краін на вельмі гарачым рынку драўніны", — цытуе Reuters словы Ёхансана.
Асноўнымі пастаўшчыкамі драўніны для кампаніі зараз стануць Польшча, Літва і Швецыя. Гэтыя краіны ўвайшлі ў тройку найбуйнейшых пастаўшчыкоў за 12 месяцаў да жніўня 2022 года.
К доўгатэрміновай перспектыве IKEA таксама не разглядае пастаўкі драўніны з Беларусі і Расіі, дадае Ёхансан.
Напрыканцы 2022-га IKEA трапіла ў гучны міжнародны скандал: СМІ Германіі і Францыі апублікавалі расследаванне пра супрацу кампаніі з калоніямі Беларусі. Для вытворчасці мэблі выкарытоўваецца праца зняволеных, у тым ліку палітвязняў. У самой карпарацыі адказалі, што разарвалі кантрактныя адносіны з нашай краінай пасля ўвядзення санкцый Еўрасаюза ў кастрычніку 2020 года.
Пасля публікацыі расследавання беларускі палітэмігрант Пётр Маркелаў правёў у чэшскай краме акцыю пратэсту супраць дзейнасці IKEA.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.