“Каб харчавацца разнастайна, не трэба дзевяноста страваў”

Гутарку цалкам слухайце тут:

120730 NadzejaS.mp3

Еўрарадыё: Што для вас здаровая ежа — стыль жыцця, вегетарыянства, веганства, сыраедства ці штосьці іншае?

Надзея: Наша сям’я не прытрымліваецца ніводнай з вышэйпералічаных тэндэнцый. Мы стараемся харчавацца разнастайна, не ўжываем ніякіх паўфабрыкатаў, набываем свежыя прадукты, з якіх гатуем ад пачатку і да канца. Да таго ж, мы стараемся ўважліва ставіцца да якасці прадуктаў. Менавіта таму ў нас і з’явілася такая ідэя, бо мы пачалі высвятляць, не толькі чым мы харчуемся ў дачыненні да меню, але і ў дачыненні да кожнага асобнага прадукта. Чым адрозніваецца добры яблык ад кепскага і які ўплыў яны маюць на здароўе.

Еўрарадыё: Чаму ўвогуле вы вырашылі сканцэнтравацца на здаровай ежы без дадаткаў і пестыцыдаў?

Надзея: У сучасным свеце ёсць пэўная тэндэнцыя, рух у бок здаровага ладу жыцця, актыўнасці. Мы таксама вядзем дастаткова здаровы лад жыцця, мы дастаткова актыўныя, хочам быць прыгожымі, здаровымі, вясёлымі. Галоўнае — актыўнымі, а без карыснага якаснага харчавання актыўным быць немагчыма. Кепская ежа забівае страўнік, чалавек робіцца вялым, пасіўным, ніякая пазітыўная дзейнасць ажыццяўляцца не можа. Менавіта таму праз здаровы лад жыцця, заняткі спортам мы прыйшлі і да здаровага харчавання. Праз назіранне за сучаснымі тэндэнцыямі мы паступова самі пачалі харчавацца правільна, пераглядаць уласнае меню, уважліва ставіцца да прадуктаў.

Еўрарадыё: Ці атрымліваецца харчавацца карысна ў Беларусі?

Надзея: Насамрэч, пры жаданні гэта магчыма. Вядома, у нас разнастайнасць невялікая, выбар небагаты, але, каб харчавацца разнастайна, не абавязкова, каб у асартыменце было дзевяноста страваў. Нашыя продкі спажывалі крупы, кашы, бабовыя, сачавіцу, іх харчаванне было значна здаравейшым, чым харчаванне сучаснага чалавека, які харчуецца паўфабрыкатамі, тлустай цяжкой ежай. Адраджэнне старых прадуктаў, напрыклад, неапрацаванай грэчкі, нас таксама хвалюе. Было б здорава паставіць нейкія эксперыменты, дамовіцца з фермерамі, каб яны пачалі вырошчваць прадукты, пра якія ў нас ужо забылі.

Еўрарадыё: Ці будзеце вы тэставаць прадукцыю, выдаваць нейкія сертыфікаты?

Надзея: Сертыфікацыя — гэта складанае пытанне. У Еўропе гэтае пытанне даўно адпрацаванае, існуе ўжо некалькі гадоў адзіная еўрапейская сертыфікацыя, нейкія крокі ў гэтым кірунку ажыццяўляюцца і ў Расіі. У Беларусі адзіныя сертыфікаты — стандартныя, якія прадастаўляюцца на рынку ці ў краме. Іншых, нейкіх біясертыфікатаў, у нас не будзе. У нашай выбарцы ёсць толькі адзін фермер, які мае еўрапейскі сертыфікат. Але атрыманне такога сертыфіката — вельмі дарагая працэдура, і ўсе фермеры яго мець, вядома, не будуць. Трэба звярнуцца ў замежную кампанію, якая за грошы прышле сваіх спецыялістаў, яны правераць ваду на ўчастку, зямлю, корм для жывёлаў. Пасля гэтага выдаецца сертыфікат, які час ад часу трэба пацвярджаць, што таксама патрабуе грошай. Што датычыцца нашых фермераў, мы выбралі менавіта тых, што маюць нейкія дакументальныя пацверджанні, што нічога шкоднага не выкарыстоўваюць. Але галоўнае тое, што наша камунікацыя са спажыўцом будзе максімальна адкрытай. Гэта будзе не ананімны фермер, у якога ты набываеш бульбу, гэта будзе канкрэтны чалавек, да якога пры жаданні ты можаш нават паехаць. Насамрэч звычайна тыя, хто выкарыстоўвае нітраты, гербіцыды, пестыцыды, адкрыта пра гэта гавораць і ўпэўненыя, што інакш нічога немагчыма вырасціць.

Еўрарадыё: А як вы знайшлі гэтых фермераў і хто яны?

Надзея: Мы спачатку пайшлі самым аб’ектыўным, як нам падалося, шляхам — зайшлі на сайт fermer.by, там дастаткова вялікі каталог фермераў, мы пачалі іх абзвоньваць, але там акурат усе фермеры выкарыстоўваюць хімічныя сродкі. А потым выпадкова знайшлі аднаго фермера, і па ланцужку, праз артыкулы ў раённых газетах, шукалі іншых. Мы нават тэлефанавалі ў мясцовыя выканкамы, калі не маглі знайсці кантактаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі