“Калійная вайна”: што далей?
Эксперты падзяліліся на прыхільнікаў замірэння “Беларуськалія” з “Уралкаліем” і тых, хто прагназуе банкруцтва канкурэнтаў расійскага прадпрыемства.
Масква адказвае на арышт у Мінску Баўмгертнера: заняліся "растваральнікамі"
Дварковіч папярэдзіў пра скарачэнне паставак нафты ў Беларусь
Паводле прагнозу гендырэктара “Уралкалія” Уладзіслава Баўмгертнэра, кошты на калійныя ўгнаенні да канца года ўпадуць як мінімум на 25%. Пакуль уплывовы топ-мэнэджар сядзіць у беларускім следчым ізалятары, эксперты прыкідваюць, чым падзенне коштаў можа адгукнуцца сусветнаму рынку калію.
“Беларуськалій” і “Уралкалій” вельмі падобныя”
“Коштавая вайна і крушэнне стабільных доўгатэрміновых пагадненняў і паставак не выгадныя нікому — ніводнай з сусветных калійных кампаній. Усіх непакоіць, што “Уралкалій” пачне вайну за перадзел рынка, граючы коштамі”, — кажа Дэн Дзікер, аналітык амерыканскага выдання Street.
Справа ў тым, што выдаткі “Уралкалія” на вытворчасць угнаенняў найменшыя сярод усіх канкурэнтаў. Сабекошт яго прадукцыі — прыкладна 60 долараў за тону. Гэта значыць, што, дэмпінгуючы, ён можа па чарзе абанкруціць спачатку заходніх вытворцаў, а пасля і “Беларуськалій”.
“Так, яны [Уралкалій. — Заўв. Еўрарадыё] кажуць пра 60 долараў за тону. Але тут трэба мець на ўвазе, што ў іх не вельмі добрая лагістыка. Калій — гэта вялікія аб’ёмы, таму яго звычайна перавозяць танкерамі. “Уралкалій” выкарыстоўвае порт у Ленінградскай вобласці, а да яго ўгнаенні ідуць чыгункай. Транспартнае плячо там немалое, — распавядае Еўрарадыё незалежны аналітык Сяргей Чалы. — Нам экспартаваць калій больш зручна, таму, з улікам транспартных выдаткаў, у нас сабекошт — каля 100 долараў. У іх не нашмат менш, тут мы вельмі падобныя. А самы высокі сабекшот — у немцаў K+S і ў канадскіх кампаній. У немцаў ён набліжаецца да 300 долараў за тону, у канадцаў Potash — да 250”.
“Уралкалій” збіраецца апусціць кошты на ўгнаенні ніжэй за 300 долараў за тону. Вытворчасць канкурэнтаў пры такіх умовах зробіцца нерэнтабельнай.
Што твораць канадцы?
Па звестках часопіса Spiegel, нямецкая “K+S Kali GmbH” пасля заяваў Баўмгертнера ўсталёўвае антырэкорд, згубіўшы амаль палову свайго кошту. Але на наступны дзень пасля арышту топ-мэнаджара “Уралкалія” акцыі кампаніі “вяртаюць” сабе 6% са страчаных 47%. Пачынаюць падымаць галовы і іншыя калійныя гіганты.
“Трэба выдахнуць і расслабіцца. Перыяд рознагалоссяў паміж вытворцамі [маюцца на ўвазе “Белкалій” і “Уралкалій”. — Заўв. Еўрарадыё] будзе, хутчэй, кароткім, чым працяглым. Логіка звычайна пераважае. Канфлікты паміж Расіяй і Беларуссю здараліся і раней. Няхай і не такія публічныя”, — адзначае кіраўнік канадскай Potash Corp. Біл Дойл. Ён падкрэслівае, што кампанія не будзе ахвяраваць коштамі ў абмен на аб’ём вытворчасці.
Канадцы ўпэўненыя, што ў іх атрымаецца захаваць свае кантракты. Што прымусіць іх кліентаў купляць калійныя ўгнаенні даражэй, чым прапаноўвае “Уралкалій”? Рэпутацыя кампаніі.
Калійны рынак памёр
На думку міністра эканомікі Беларусі Мікалая Снапкова, не страціць пакупнікоў і “Беларуськалій”.
“Па маіх асабістых ацэнках, мы з’яўляемся лепшай кампаніяй, чым “Уралкалій”, — распавядае журналісту Еўрарадыё міністр. — У нас прыкладна, ну, крыху вышэй, на 100 долараў, сабекошт экспарту. Але ў нас нашмат лепшая лагістыка. І я ўпэўнены, што мы здольныя самастойна сябе пазіцыянаваць на калійным рынку. Незалежна ад таго, якая формула далей будзе — кошт ці аб’ёмы, як прадэклараваў “Уралкалій”: маўляў, аб’ёмы вышэй за ўсё, і паніжэнне сабекошту. У гэтых двух аспектах, я лічу, наша адносная перавага лепшая, чым у “Уралкалія”.
Але гендырэктар “Беларуськалія” Валерый Кірыенка канстатуе: калійны рынак памёр. Асноўныя пакупнікі — кітайцы і індусы — цяпер нічога не купляюць. Ды і навошта купляць сёння, калі заўтра назавуць меншы кошт?
Рэальныя страты
Тым часам, па звестках Белстата, у першым паўгоддзі 2013 года экспарт з Салігорскага раёна склаў 1 мільярд 300 мільёнаў долараў супраць 1 мільярда 499 мільёнаў долараў за аналагічны перыяд летась. Скарачэнне — амаль 200 мільёнаў! І амаль уся гэтая лічба — на сумленні "Беларуськалія", прадукцыя якога складае 97% ад тавараў, што экспартуюцца з Салігорскага раёна.