Каля 20 тысяч машын ужо стаяць у чарзе на канфіскацыю

Паводле звестак ДАІ, за першую палову 2013 года было затрымана больш за 20 тысяч нецвярозых кіроўцаў. Пасля 24 кастрычніка ўсе яны аўтаматычна становяцца патэнцыйнымі прэтэндэнтамі на канфіскацыю аўтамабіля — калі адважацца сесці за руль “падшафэ” другі раз. Пасля якога, згодна з прынятым парламентарыямі законам, і надыходзіць гэтая канфіскацыя.

А ўсё таму, што адлічваць гэтыя разы даішнікі пачнуць не з дня, калі закон набывае моц, а з пачатку года каляндарнага — з 1 студзеня 2013 года. Ці правільна гэта, цікавіцца Еўрарадыё ў дэпутата парламента Валянціны Леаненкі, якая прымала гэты закон.

Валянціна Леаненка: “Звычайна закон не мае зваротнай сілы — пасля таго, як закон набыў моц, і пачынаецца адлік”.

Але калі дэпутат даведваецца, што супрацоўнікі ДАІ вырашылі весці адлік за амаль 10 месяцаў да дня, калі закон набывае моц, нечакана пагаджаецца з такім рашэннем.

Валянціна Леаненка: “Гэта ж правапрымяняльная практыка! Яны ўжо, каб гэты закон быў зручны для прымянення… Таму яны ўжо вырашаюць. Гэта — тое ведамства, якое прымае рашэнне. Такім чынам, у дадзеным выпадку ўсё лагічна”.

То, можа, дэпутаты спецыяльна ў законе напісалі, што канфіскоўваць аўтамабіль будуць у чалавека, якія нецвярозым сеў за руль “цягам года” — не ўдакладняючы, каляндарны гэта год ці год, які пачынаецца з моманту, калі закон набыў моц?

Валянціна Леаненка: “Мы прымаем закон як агульнае правіла, а ўжо канкрэтнае ведамства робіць так, як у іх заведзена, як у іх традыцыйны падлік ідзе. Калі ў іх ідзе адлічэнне з 1 студзеня па 31 снежня, значыцца яны так і бяруць для сябе. Гэта ж для зручнасці працы! Інакш будзе блытаніна страшная па кожным чалавеку — не разбяромся потым!”

І больш не вяртаецца да тэмы “закон не мае зваротнай сілы”. Затое менавіта на гэта найперш звяртае ўвагу юрыст, стваральнік сайта “Стоп-ДАІ” Аляксандр Старычэнка.

Аляксандр Старычэнка: “Закон мае зваротную сілу толькі тады, калі ён паляпшае становішча фізічнай асобы — правапарушальніка, злачынцы, каго заўгодна. А ў дадзеным выпадку мы бачым вольную трактоўку заканадаўства службовымі асобамі МУС і рэспубліканскай ДАІ ў прыватнасці”.

І гэта далёка не адзіная прэтэнзія да ўзгаданага закона. Паводле слоў суразмоўцы Еўрарадыё, недарэчнасці закладзеныя ў яго ад пачатку — канфіскаваць прапаноўваюць прыватную ўласнасць. Недатыкальнасць якой грамадзянам гарантаваная Канстытуцыяй. Пэўны час таму гэтую недарэчнасць дэпутат парламента Аляксандр Зазуля пракаментаваў наступным чынам:

Аляксандр Зазуля: “Для сябе я прыняў, што можна схіліцца да гэтага падыходу (парушаць права ўласнасці і канфіскоўваць аўтамабіль. — заўв. Еўрарадыё), бо тут насамрэч аўтамабіль з’яўляецца прыладай злачынства”.

Нягледзячы на тое, што гэта супярэчнасць і не давала яму спаць начамі.

Што ж рабіць з незваротнай сілай закона? Аляксандр Старычэнка раіць аўтамабілістам лічыць правапарушэнні не з 1 студзеня, а з 24 кастрычніка — дня, калі закон набывае моц. І калі што — судзіцца.

Аляксандр Старычэнка: “Рыпацца ў любым выпадку неабходна і рабіць прэцэдэнты. Вы ж разумееце, што з цябе зробяць злачынцу, і калі не рыпацца ўвогуле, то гэта ўвогуле абы-што атрымаецца”.

Але калі не звяртаць увагі на розныя юрыдычна-прававыя недарэчнасці, то навідавоку застаецца іншае: за 6 месяцаў гэтага года з-за нецвярозых кіроўцаў загінулі 35 чалавек і 234 атрымалі траўмы. Прычым кожны дзясяты з 20 тысяч нецвярозых, якіх спынілі супрацоўнікі ДАІ сёлета, селі ў такім стане за руль другі раз цягам года.

Нагадаю, 24 кастрычніка набывае моц закон “Аб кіраванні транспартным сродкам у нецвярозым стане”. Паводле яго, у нецвярозага кіроўцы, які трапіўся супрацоўнікам ДАІ другі раз цягам года, будзе канфіскаваны аўтамабіль. Незалежна ад таго, каму насамрэч належыць машына. Прадугледжаная ў законе і пакаранне пазбаўленнем волі.

Павялічваецца і сума штрафу за першую паездку нецвярозым — заплаціць давядзецца ад 50 да 100 базавых велічынь, ці ад 6,5 да 13 мільёнаў рублёў.

Фота: adzinstva.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі