Каля 200 спробаў нелегальнага пранікнення ў краіну спынілі за суткі ў Польшчы
Мігранты на польска-беларускай мяжы / Reuters
За сераду польскія памежнікі спынілі 194 спробы нелегальнага пранікнення ў краіну.
Трох чалавек затрымалі. Усе трое — грамадзяне Афганістана.
"Астатнія спробы былі сарваныя", — адзначылі ў памежнай службе Польшчы. Там таксама падкрэслілі, што з пачатку верасня вартавыя мяжы спынілі ўжо амаль 1300 такіх спробаў.
Польшча, Літва і Латвія ў апошнія месяцы сутыкнуліся з сур'ёзнай праблемай нелегальнай міграцыі. Колькасць спробаў незаконнага перасячэння мяжы з тэрыторыі Беларусі вырасла ў дзясяткі разоў. Улады гэтых краін мяркуюць, што да стварэння міграцыйнага крызісу можа быць датычны афіцыйны Минск.
Прадстаўніцтва ЕС у Беларусі 8 верасня абвясціла дэмарш беларускаму МЗС "у сувязі з незаконнымі пераходамі мяжы з боку Беларусі ў Еўрапейскі саюз" і настойліва папрасіла "ўлады Беларусі спыніць гэтую практыку". У Мінску абвінавачванні абвяргаюць — у адказ на дэмарш тут заявілі, што краіна не мае нічога агульнага з сапраўднымі прычынамі росту патокаў міграцыі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.