"Камяніца -2013": Працэс "дахабрацыі", школьныя вышыванкі і пясочнае шоў

Сонца высока, +22. Па дарозе на "Камяніцу" здымаем назапашаныя швэдры, спрабуем пайграць на акарынах у горадзе майстроў, стрэльнуць з лука і прайсці шчыльны міліцэйскі кардон. Каньяк адбіраюць. Сустракаем Ярыну Квітку з украінскага гурта "Фолькнери" — музыкі другі дзень шпацыруюць па сцежках Музея народнай архітэктуры і побыту.

"Такое ўражанне, што мы тут ведаем шмат людзей вельмі даўно, — смяецца Ярына. — Усе вельмі ветлівыя, шчырыя, як адна вялікая сям'я. Плюс, вельмі добрая лакацыя для правядзення фестывалю. Гэта такое старэнькае сяло, дзе кожны блукае са сваёй энергетыкай, якія перакрыжоўваюцца, і атрымоўваецца ўвесь той пазітыў, які мы сёння бачым".

Ужо першыя выступоўцы — Guda — прымушаюць "Камяніцу" устрапянуцца. Дзяўчаты бяруцца за скрыпку, гармонік ды бубен ды пачынаюць фестывальныя танцы з карагодамі. Эстафету пераймаюць "Стары Ольса" са сваімі фэнамі, чым абсалютна ўражваюць Марко Галаневіча, лідара зорак украінскага фолку "ДахаБраха":


"Вельмі спадабалася велічэзная колькасць маладых людзей, якія танцавалі пад "Старога Ольсу". Ва Украіне я такога не бачыў: людзі ведаюць, што рабіць, і яны рэальна ідуць і танчаць у такім агромістым коле, адным ці некалькіх. Гэта так яднае. Гэта не штучны фолк — я маю ўяўленне, што гэта такое, а такія шчырыя пачуцці. Вялікая колькасць людзей, людзей шчаслівых. Гэта прыемна бачыць".


Сэты гуртоў на вялікай сцэне змяняюцца выступамі дзіцячых каманд на малой. Сёлета арганізатары іх паставілі побач. Каб гледачам было зручна — такая своеасаблівая "ёга для шыі", як кажа Руся — каардынатарка дзіцячай сцэны, ды і дзецям прыемна.


"Тут здорава, — цешыцца глядачка Лідзія. — Тут абсалютна светлыя твары ў людзей. Вельмі прыемна бачыць столькі разняволеных і ўзвышаных людзей, нашых суайчыннікаў. Гэта супер. Дзякуй тым, хто гэта арганізаваў, і хто сюды прыйшоў. Такое адчуванне, што гэта самыя светлыя людзі, якія жывуць у Беларусі".


Між тым, светлыя людзі праглядаюць выставу “Успамін пра Вялікае Княства” Алега Белавуса, назіраюць, як ганчары лепяць талеркі, набываюць дзеткам гожыя свістулькі-рыбкі. Дзеці скачуць у стажок сена і малююць у сонечныя карцінкі. А людзі ў вышыванках проста запаланяюць "Камяніцу".


"Мы прыйшлі сюды ўпершыню. І нам вельмі падабаецца, — не хавае эмоцый наведвальнік Аляксей. — Мы ў школе пазычылі вышыванкі і ходзім як сапраўдныя беларусы. Мы тут адрываемся, танчым, весялімся. Нам падабаецца, што выступаюць гурты з розных краін. Падабаецца, што людзей так шмат, і што гэта адбываецца не проста пасярод поля, а ў музеі. Было б добра, каб што-небудзь з ежай вырашылі — паменшылі кошты і павялічылі аб'ём. А так, усё супер".


Праблема ежы сапраўды турбуе наведвальнікаў: недахоп кропак харчавання, як і міліцэйскі кардон, прымушае адстойваць велічэзныя чэргі. Яшчэ адной праблемай фэсту становіцца кепскі гук, які псуе настрой музыкам.


"Вельмі мала практыкі ў нашых гукарэжысёраў, — разважае музыка і вядучы фэсту Алег Хаменка. — Хоць яны імкнуцца і стараюцца. Але трэба, каб яны жывыя канцэрты агучвалі хаця б кожны месяц, калі не кожны тыдзень. І тады пачынае працаваць індустрыя, і тады ўжо ніхто нічога не думае. Яно само ўсё ўключаецца. Усе будзем вучыцца. Бо настрой выдатны, людзі хочуць. Навучымся!"


Тым часам на сцэне ўкраінскія "Фолькнери". Музыкі выдаюць порцыю энергічнага танцавальнага фолк-панку. Еўрарадыё ж вызываецца дапамагаць польскаму Orkiestra Sw.Mikolaja прадаваць дыскі ды цішоткі. Заклікі не дапамагаюць, польская музыка не надта вядомая ў нашай краіне, ды і дыскі набываць у нас — не вельмі папулярная справа. Прасцей знайсці ў інтэрнеце. У выніку чорную цішотку купляе трубач "Палаца" Юрый Белякоў, а Orkiestra грае свой традыцыйны сэт.


"Мы прыехалі бусам, начавалі ў гатэлі, рыхтуемся да канцэрту і адразу пасля яго выязджаем на іншы выступ, — параўноўвае лідар польскага аркестра Богдан Браха "Камяніцу" з іншымі фестывалямі. — Я прайшоўся па пляцоўцы, паслухаў іншыя гурты. Мяне пазнавалі людзі, звярталіся да мяне, пыталі, ці будуць тыя ці іншыя песні. Я не бачу асаблівай розніцы. Кажу як музыка, які круціўся, каб цяпер сыграць на сцэне і ехаць далей".


"ДахаБраха" прадстаўляе беларусам свой акустычны сэт. Без клавішаў. Праблема з гукам, кажа Марко, псуе знакамітаму ўзаемаабмену энергетыкамі між публікай і музыкамі. Аднак, "тэхнічныя праблемы — гэта не праблемы", — перакананы Галаневіч. З-за магчымага спазнення на цягнік музыкі скарачаюць свой драйвовы 45-хвілінны сэт на 5 хвілін. Але кажуць, што пры магчымасці, гралі б тут добрых дзве гадзіны, да глабальнай "дахабрацыі" насельніцтва.


"Нас і так мала. Калі мы будзем звяртаць увагу на ўсялякія дробязі, то мы прапусцім жыццё. Жыццё вось яно! Дзе яшчэ выступаць? На "Славянскім базары"? Я з Лепсам не вельмі жадаю граць на адной сцэне", Андруся Палаўчэню ловім за прасам (рыхтуе да выступу сцэнічны касцюм). Новы, піцерскі праект лідара Osimira, Hvarna, грае беларускі фолк. Але музыкі ўпершыню ў Беларусі.


Пасля старадаўніх абрадаў і спеваў і пясочнага шоў ад Hvarna на сцэну выходзіць "Палац". Легенда беларускага фолку ўжо колькі гадоў не грае паўнавартасных канцэртаў перад беларускай аўдыторыяй. Музыкаў, якія радуюць як хітамі, так і новымі творамі, чакаюць 8 тысяч аматараў этна-музыкі.


"Я рад, вельмі рад. Вось цяпер у мяне вельмі добры настрой, — пасля выступу Алег Хаменка выглядае даволі шчаслівым. — А якія адчуванні? Важна тое, што скажуць людзі. Як адгукнецца. А ці будзе настрой на наступную "Камяніцу", бо некаторыя моманты былі нервовымі. Каб людзі не расчараваліся. Спадзяванне, надзея, радасць і чаканне".


Пад "палацаўскую" "Заенку" "Камяніца" развітваецца шыкоўным феерверкам. Над ландшафтамі музею яшчэ доўга гучаць народныя песні. Арганізатары ставяць сабе "залік" і радуюцца, што маюць дачыненне да такога "цудоўнага пачынання".

370 фота з "Камяніцы" ёсць тут.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі