Канцэрт Gus Gus адкрые беларускі электронны праект Mustelide
Ісландскі гурт выступіць у сталічным клубе Re:Public 18 жніўня.
Беларуская электронная прынцэса Наталля Куніцкая ў межах свайго сольнага праекта Mustelide выступіць на разагрэве ў ісландскіх хаўсераў Gus Gus ў мінскім клубе Re:Public 18 жніўня.
Праект Mustelide выконвае музыку ў лайв-фармаце, выкарыстоўваючы сур'ёзны сэтап з сінтэзатараў і драм-машын. Фармацыя заявіла пра сябе год таму і адразу звярнула ўвагу прыхільнікаў і крытыкаў. Так, дэбютнік "Secret" атрымаў званне лепшага электроннага альбома года па версіі музычных узнагарод Experty.by, а песня "Na Derevo" трапіла ў топ лепшых песень 2014 года па меркаванні расійскага музычнынага сайта Afisha Volna.
Ісландскі гурт Gus Gus выступіць у Мінску ў другі раз. Год таму музыкі з Рэйк'явіка ўпершыню наведалі беларускую сталіцу ў межах прэзентацыі свайго апошняга альбома "Mexico", тады яны паабяцалі мінскай публіцы вярнуцца. Кружэлка "Mexico" стала свежым поглядам на гучанне клубнай электронікі, увабраўшы ў сябе сплаў сінт-попа 80-х, транса 90-х і сучасных фішак.
Інфалінія: +375 29 3321717, +375 33 3321717
Фота: 34mag.net