Кандыдат у прэзідэнты зможа ствараць фінансавы фонд каля 127 тысяч долараў
Пра гэта заявіла старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына 2 кастрычніка ў ніжняй палаце парламента.
Там старшыня ЦВК прадстаўляла папраўкі ў выбарчае заканадаўства для разгляду ў першым чытанні, перадае БелаПАН.
Дакумент, у прыватнасці, змяняе парадак фінансавання выбарчых кампаній. Так, на прэзідэнцкіх выбарах з трох да дзевяці тысяч базавых велічынь будзе павялічаны памер асабістага фонду кандыдата. Пры гэтым фармаваць яго можна будзе не пасля рэгістрацыі кандыдата, а з моманту рэгістрацыі яго ініцыятыўнай групы. Будуць таксама змененыя абмежаванні пры ўнясенні ў фонд асабістых сродкаў кандыдата.
Ярмошына паведаміла, што ў пераліку на долары памер фінансавага фонду для кандыдата ў прэзідэнты складзе больш за 127 тысяч долараў. Па словах чыноўніцы, прапанаваны памер выбарчага фонду — умераны. Яна згадала, што, напрыклад, у Кіргізіі або Арменіі дазваляецца ствараць фонды ў 10 разоў большыя.
Для кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў памер выбарчага форда будзе дасягаць 14 тысяч долараў, для кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў — ад 142 да 428 долараў у залежнасці ад узроўня савета.