Канфіскаваныя ў Беларусі прататыпы “Мазды 3” японцам так і не вярнулі

Яшчэ ў пачатку кастрычніка суд Маскоўскага раёна Брэста пастанавіў вярнуць два эксклюзіўныя прататыпы “Мазды 3” прадстаўнікам японскай кампаніі.

Цікавімся ў судзе, ці забралі замежнікі свае машыны. Аказалася, не.

“Мытня абскардзіла пастанову, якая зараз знаходзіцца на касацыі ў абласным судзе”, — паведамляе Лідзія Жыдзецкая, загадчыца канцылярыі па адміністратыўных справах суда Маскоўскага раёна Брэста.

Нагадаем, што гісторыя пра канфіскаваныя ў Беларусі прататыпы “Мазды 3”, якія ехалі на знакаміты Франкфурцкі аўтасалон, стала анекдотам. Пра гэта напісалі спецыялізаваныя часопісы на розных кантынентах.

Восем аўтамабіляў ўдала трапілі на тэрыторыю Мытнага саюза, прайшлі выпрабаванне дарогамі, пылам, брудам. А вось прайсці экзамен на Брэсцкай мытні дзве эксклюзіўныя машынкі не змаглі. Узніклі прэтэнзіі да дакументаў.

Аказалася, што вывозіць эксклюзіўныя машыны з Беларусі павінны былі тыя ж людзі, якія перапраўлялі іх у Мытны саюз. А гэта было праблематычна. Кіроўцамі “Маздаў” былі аўтаэксперты з розных краін, якія масава і папераменна мяняліся, каб напісаць у сваіх выданнях агляды пра новае аўто. У гэтым беларускія мытнікі пабачылі парушэнне артыкула Адміністратыўнага кодэкса — “Выкарыстанне транспартных сродкаў, якія знаходзяцца пад мытным наглядам, у парушэнне вызначанага парадку”. Вывозіць прататыпы з Мытнага саюза мусілі тыя ж людзі, якія ўвозілі іх.

Так дзве “Мазды 3” ручной зборкі трапілі на беларускую штрафстаянку.

“А беларускія ўлады раптоўна сталі першымі ўладальнікамі мадэлі”, — жартавалі замежныя журналісты ў сваіх допісах.

На карце аўтапрабега арганізатары не пазначылі беларускіх населеных пунктаў. Аднак горад-герой Брэст і яго мытню яны, напэўна, запомняць

 

Чарговае рашэнне па “справе “Мазда 3” маюць вынесці напрыканцы снежня. Інтарэсы японскай кампаніі прадстаўляе беларускі адвакат.

“Мытня паступіла ў адпаведнасці з тымі заканадаўчымі актамі, якія яна мусіць выконваць”, — каментуе пазіцыю свайго ведамства Зоя Козіч, начальнік аддзела ідэалагічнай работы Брэсцкай мытні.

А эксклюзіўныя прататыпы працягваюць сумаваць на беларускай штрафстаянцы.  Тым часам аўтасалоны ўжо выставілі новую “Мазду 3” на продаж. 

Фота auto.onliner.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі