У мінскім "канфіскаце" прадаюць гадзіннікі, як у Лукашэнкі, за 20 долараў
А гадзіннікі Graham Mansory, якіх ва ўсім свеце толькі 50 асобнікаў, амаль за 8 тысяч долараў, праўда без гарантыі...
Мінская крама канфіскату прадае гадзіннікі вядомых брэндаў за 20 долараў. Напрыклад, Patek Philippe і Vacheron Constantin можна набыць за 200-250 тысяч рублёў. Patek Philippe носіць Аляксандр Лукашэнка. Кошты сапраўдных такіх гадзіннікаў пачынаюцца ад 5 тысяч долараў.
У каталогах на сайтах брэндаў Еўрарадыё не адшукала гадзіннікаў з такім дызайнам. То бок, гэта нават не дакладныя копіі, рэплікі, а проста падробкі — абсалютныя левыя гадзіннікі трошкі падобныя на сапраўдныя з фірмовай маркіроўкай. Вядома ж, за такі кошт, іншага і не чакалі. Але, наколькі легальна дзяржаўная крама можа прадаваць падробкі на сусветныя брэнды?
У Галоўным упраўленні спажывецкага рынка Мінгарвыканкама, Еўрарадыё кажуць, што ўвозіць такі тавар можна, калі на яго ёсць дакументы.
"Ніякіх абмежаванняў няма, калі вы іх увезяце афіцыйна, растаможыце і аформіце ўсе неабходныя дакументы. А што для гэтага трэба, гэта пытанне да мытні".
А Мытня дае дабро! Калі праваўладальнік не заявіў свае правы на брэнд у нашай краіне.
"Калі праваўалдальнік не заяўляў, то можна ўвозіць. Дакументы патрэбныя такія ж, як і на іншыя тавары".
Гадзіннікі, якія прадаюцца ў "канфіскаце"
А гэта "рэпліка" — дакладная копія сапраўдных
Вось жаночыя Chopard QUARTZ на бранзалеце са штучнай скуры. Цікава а Chopard увогуле робіць бранзалеты са штучнай скуры? Жаночыя ROLEX таксама са штучнай скуры і ўсё гэта ўсяго за 166 тысяч рублёў! Выбар вельмі багаты: Bvlgari, Patek Philippe, HERMES PARIS усё менш, чым за 20 долараў.
Такія гадзіннікі з Кітая вязуць у Беларусь невялікімі партыямі, як правіла, фізічныя асобы, каштуюць у Кітаі яны па 5 долараў, тлумачыць мытны эксперт з tagent.by.
"Афіцыйна праз юрыдычную асобу нерэальна іх увезці, бо пошліны трэба плаціць вялікія. Новыя гадзіннікі трэба маркіраваць кантрольнымі маркамі, таму юрасобы не возяць. Падробку можна прадаваць, калі праваўладальнік не падаў дакументы у дзяржаўны мытны камітэт аб абароне правоў інтэлектуальнай уласнасці. Там ёсць пэўны парадак рэгістрацыі таварнага знака і яго абароны. Калі ўладальнік таварнага знака не падаў дакументы на ўключэнне ў рэестр, то гэты тавар не абараняецца. Яго можна ўвозіць і растаможваць".
Нашых гадзіннікаў у спісе на сайце мытнага камітэта няма, а значыць, мытня не лічыць тавар кантрафактным.
У краме канфіскату ёсць і дарагія гадзіннікі — Graham Mansory, такіх ва ўсім свеце толькі 50 штук. Каштуюць яны 8900 еўра. У беларускай краме яны каштуюць 76 мільёнаў 678 тысяч 850 рублёў.
"У нас іх тры адзінкі. Была ўжо першая пераацэнка на 15%, таму яны столькі цяпер каштуюць".
А яны сапраўдныя, цікаўлюся, бо набываць падробку амаль за 8 тысяч долараў неяк не хочацца.
"А я ведаю? Хто ж ведае. Ёсць асабісты нумар, сертыфікаты, у круглым корпусе з металу белага колеру, дыяметрам 47 мм, у нейкай там групавой упакоўцы. Без гарантыйных абавязкаў яны ў нас прадаюцца".
Гадзіннік за 8 тысяч долараў і без гарантыйных абавязкаў у нейкай групавой упакоўцы! Ну крута!
Ацэньвала гадзіннік камісія ў Ашмянах, там дзе іх і канфіскавалі. У самой краме таксама не змаглі пацвердзіць сапраўднасць гадзіннікаў.
— Я ж не ведаю, сапраўдныя яны ці не. А які дакладна?
— Ну гэтыя, за 76 мільёнаў.
— Людзі прыходзілі, казалі што сапраўдныя.
— А дакументы?
— Кніжачкі такія ёсць.
Цікава, хто ж купіць за такія грошы без гарантыі і магчымасці вярнуць?