Кантралёры пра відэарэгістратары: Па-першае, людзі цяпер маўчаць

Кантралёры пра відэарэгістратары: Па-першае, людзі цяпер маўчаць

"Прад'явіце праязныя білеты, вядзецца відэа- і гуказапіс", — папярэджвае кантралёр Святлана Суша, калі заходзім у тралейбус у мінскай Серабранцы. Яны з калегай Алай Белавешкінай уключаюць замацаваныя на грудзях відэарэгістратары, калі заходзяць у транспарт і выключаюць па выхадзе.

Пасажыры на новаўвядзенне ўвагі не звяртаюць, але кантралёры запэўніваюць, што запіс дапамагае.

"Першыя дні людзі усміхаліся, калі глядзелі. Але нам так лепш. Па-першае, людзі маўчаць, не так, як раней. Калі заходзілі кантралёры, адразу пачыналася агрэсія. А цяпер думаюць перад тым, як спрачацца. Людзі не кідаюцца і не лаяць нас", — знаходзіць плюсы Святлана Суша.

 

У першым тралейбусе ўсе з квіткамі, нікога не штрафуюць. Безбілетніцу ловяць у наступным: дзяўчына другі раз прабіла талончык.

"Гэта ўнясенне зменаў у праязны дакумент", — тлумачаць ёй кантралёры. Некаторы час дзяўчына спрабуе давесці сваю правату: "Я ў бабулі ўзяла талончык, я не ведала, што ён быў прабіты", — спрабуе яна, але пасля пакорліва пагаджаецца на адміністрацыйны пратакол.

"Тут высокай якасці і відэа і аўдыё, усё бачна. Таму людзі крыху асцерагаюцца ілжы: кантралёр не даў квітанцыю ці рэшту. Выпадкаў шмат. Вось, сёння зайшлі ў экспрэс і людзі ламануліся да выхаду. Адзін так бег, што стукнуўся аб поручань", — расказвае Святлана Суша.

 Падыходзіць наступны аўтобус, і вось новы безбілетнік: мужчына едзе з талонам, які быў прабіты ў траўні. Ён прапануе рэвізорам новы, непрабіты талон, але тыя не пагаджаюцца. Пашпарта пасажыр не мае, таму рэвізоры выклікаюць міліцыю.

Святлана Суша кажа, што адпусціла б такога парушальніка, бо плаціць яму няма чым. Але сваёй калеге гэтага не гаворыць, тая ў гэты час выклікае міліцыю.

Пакуль едзе міліцыя, прашу скласці тыповы партрэт "зайца". У рэвізораў гэта не атрымліваецца: усё па рознаму. Трапляюцца і замежнікі, і служачыя, і студэнты. Некаторыя па некалькі разоў.

У трох тралейбусах і адным аўтобусе рэвізоры ловяць дваіх безбілетнікаў. Нейкай сярэдняй лічбы няма. Бывае, што і дзесяць чалавек з аднаго аўтобуса, прыгадваюць рэвізоры: 

"Больш парушальнікаў у трамваях, у аўтобусах і тралейбусах — менш. Ад раёна таксама залежыць. У рабочых часта праязныя ёсць, бо на працу кожны дзень ездзяць".

Кантралёры пра відэарэгістратары: Па-першае, людзі цяпер маўчаць

Начальнік кантрольна-ревізійнай службы Юрый Давідовіч кажа, што відэарэгістратары ўвялі, каб разбірацца са скаргамі:

"Былі і ёсць сітуацыі, калі пасажыр скардзіцца на кантралёра. Пасажыр называе адну сітуацыю, у кантралёра — іншая сітуацыя. І я, як кіраўнік, мушу разабрацца, хто мае рацыю. І гэта адна з мэтаў, навошта набывалі рэгістратары".

Рэгістратарамі ён задаволены, бо ў Серабранцы, дзе іх прымяняюць, праблем стала меней. 

"Кантралёры і пасажыры таксама сталі больш ветлівыя"— гаворыць Юрый Давідовіч.

Усё відэа, якое за дзень адзнялі кантралёры, закачваецца у адзін цэнтр архівацыі. Доступ мае толькі начальнік кантрольна-рэвізійнай службы, а відэа выдаляецца праз месяц. У будучым плануюць закупіць яшчэ 28 рэгістратараў і пашырыць эксперымент.

 

Кантралёры пра відэарэгістратары: Па-першае, людзі цяпер маўчаць

Мінсктранс набывае для кантралёраў 28 відэарэгістратараў за 352 мільёны

Размовы з “зайцамі” цяпер будуць здымаць на відэа.

 

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі