Караткевіч: Я была там, дзе ніколі не ступала нага апазіцыянера
Кандыдат у прэзідэнты Таццяна Караткевіч апошні пікет перад днём выбараў правяла ў Мінску каля ЦУМа і перш-наперш заклікала людзей не галасаваць датэрмінова.
“Заўтра будзе момант ісціны! Я ведаю, што ўжо прагаласавала каля 30% выбаршчыкаў і палова гэтых людзей галасавала прымусова. Мае выбаршчыкі будуць галасаваць заўтра, і іх будзе большасць. Я прашу пацярпець, не галасаваць сёння, а заўтра прагаласаваць за мірныя перамены”.
Многія мінчане са словамі “Хадзем, нам нельга тут быць!” прабягалі міма. Былі спробы і справакаваць кандыдата: “А вы можаце тут праводзіць пікет, дзевушка?” ― строгім настаўніцкім голасам задала пытанне пенсіянерка.
Нягледзячы на гэта, Таццяна Караткевіч працягнула размаўляць з прысутнымі.
Першае пытанне выкрыкнуў нехта з натоўпу: Ці будзеце вазіць сына ў ААН?
“Я праехала 50 гарадоў. Гэта выдатныя гарады Беларусі. І я казала сыну, паехалі са мной, пападарожнічаеш па Беларусі. Але ён сказаў, што не паедзе, і я паважаю гэта жаданне”.
"То бок, калі скажа паеду, дык паедзе?" ― удакладнілі ў натоўпе.
“Давайце спачатку зробім крок наперад заўтра, 11 кастрычніка! Хопіць таптацца: апошнія 10 гадоў наша краіна не развіваецца, мы стаім на месцы, калі не сказаць, што падаем. Я хачу тут састарыцца, каб мяне даглядаў сын, а магчыма, і не адзін, магчыма, яшчэ будуць дзеці. І важна, каб ва ўсіх была такая ж пазітыўная карцінка ў галаве”.
Народ прымыкаў да пікета, нягледзячы на тое, што ў ЦУМе былі добрыя зніжкі і на вуліцы ногі стылі ад холаду. Хутка Караткевіч акружыў натоўп людзей ― сярэдні ўзрост 30-40 гадоў, але былі і пажылыя людзі.
"Вы павіншавалі Святлану Алексіевіч?" ― яшчэ адно пытанне з натоўпу.
Таццяна Караткевіч падхапіла пытанне і павіншавала ўсіх з перамогай беларускай пісьменніцы:
“Можа хто яшчэ не ведае, але ў нас з'явілася пераможца Нобелеўскай прэміі! Гэта Святлана Алексіевіч, гэта чалавек, які спрабуе данесці да нас праз свае кнігі ― кнігі-інтэрв'ю, кнігі-галасы людзей, якія прайшлі вайну, вайну ў Афганістане, Чарнобыльскую катастрофу. Гэта чалавек, які спрабуе пазбавіць нас ад савецкасці, заклікае стаць незалежнымі і самастойнымі. У мяне таксама ёсць рэцэпт: трэба ўдзельнічаць у палітычнай дзейнасці. Трэба казаць услых, чаго мы хочам. Многія кажуць, што беларусы апатычныя. Але нам патрэбна толькі адно ― адзін маленькі поспех, і я лічу, што ён можа адбыцца заўтра”.
Таццяна Караткевіч заявіла, што не збіраецца кідаць палітыку ні пры якіх ўмовах і выніках выбараў прэзідэнта Беларусі 11 кастрычніка.
Мінакі пацікавіліся, ці ёсць за Таццянай група “нармальных беларусаў”, а таксама заўважылі, што ў глыбінцы 70% людзей не ведаюць яе як кандыдата ў прэзідэнты. Караткевіч адказала як дыпламат:
"Паглядзіце ў люстэрка, гэта і ёсць мая каманда. Я скажу, што сёння ў нас няроўныя ўмовы барацьбы: у Караткевіч на тэлебачанні 1 гадзіна 18 хвілін выступу, у дзеючага прэзідэнта 24 гадзіны на суткі. За гэты час я пабывала ў многіх месцах, дзе не ступала нага апазіцыянера, і бачыла людзей, якія галасуюць за Лукашэнку. І я выкарыстоўвала ўсе магчымасці сустракацца з людзьмі, бо хачу, каб у нас было болей шанцаў".
Людзі цікавіліся і тым, як Таццяна Караткевіч будзе праводзіць знешнюю палітыку, што будзе з войскам і дэкрэтам аб дармаедах. Апошняе пытанне закранала адносіны кандыдата да палітыкі Пуціна ў Сірыі. Караткевіч заўважыла, што Расія паводзіць сябе вельмі агрэсіўна.
“Складанае пытанне. Над Сірыяй ― бамбардзіроўкі. Расія ўмяшалася ў справы краіны. Гэта наш сусед і партнёр, які вельмі агрэсіўна сябе паводзіць. Ва Украіне няпростая сітуацыя. Я не апраўдваю такую палітыку і лічу, што краіны, дзе была Вялікая Айчынная вайна, павінны праводзіць працу над памылкамі. Нам трэба жыць мірна! Мы павінны быць крыніцай міру, дабра і справядлівасці”, ― завяршыла Караткевіч свой пікет.
Журналістам кандыдат заўважыла, што сённяшні астатак дня яна будзе сустракацца з замежнымі журналістамі, наведае радзільню і будзе ладзіць шпацыр па Мінску.