Кіраўніца Адміністрацыі прэзідэнта распавяла пра карупцыю ў сваім ведамстве
Барацьба з карупцыяй у Беларусі і надалей будзе прынцыповай, максімальна адкрытай і галоснай. Пра гэта кіраўніца Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава заявіла ў інтэрв'ю інфармагенцтву БЕЛТА.
"Кожны, хто служыць толькі на карысць уласным інтарэсам, панясе пакаранне па ўсёй строгасці закона", — прыгразіла яна.
Чыноўніца падкрэсліла, што сёлета была раскрытая карупцыя ў такіх ведамствах, як Мінтранс, Мінэнерга, Мінздароўя, а таксама ў Мінгарвыканкаме. "На жаль, і ў Адміністрацыі прэзідэнта быў выяўлены такі факт — спынена злоўжыванне службовым становішчам з боку начальніка аддзела", — прызналася Качанава.
Кіраўніца Адміністрацыі падкрэсліла, што перад законам усе роўныя: "Літасці нікому не будзе, нягледзячы на пасады, рангі ці былыя заслугі".