Кіраўнік Мінгарвыканкама Шорац: Гэта я прыдумаў разаслаць “снежныя” эсэмэскі

Кіраўнік Мінгарвыканкама Шорац: Гэта я прыдумаў разаслаць “снежныя” эсэмэскі

“Снежныя” эсэмэскі жыхары Мінска і некаторых іншых гарадоў Беларусі атрымалі праз некалькі дзён пасля цыклона “Даніэла”, які засыпаў Беларусь снегам. Паведамленні ў мабільных тэлефонах утрымлівалі “пераканаўчую просьбу” выйсці да пад’ездаў і пачысціць ад снегу тратуары і машынамесцы.

“Вось усе абсалютна няправільна ўспрынялі гэты SMS аб тым, што трэба прыбраць снег. Заклікаць грамадзян гэта зрабіць — гэта была мая ідэя. Бясплатна сотавыя аператары гэта зрабілі… І калі былі крыкі, што лепш гэтыя сродкі накіраваць на лячэнне дзяцей — гэта абсалютна некарэктна і няправільна. Мы ў карэктнай форме папрасілі людзей. Гэта была просьба. Па нумары мы не маглі выбраць, ёсць у чалавека машына альбо няма… Снег ішоў. З кожнай хвілінай яго станавілася ўсё больш і больш. І нягледзячы на гэта мы не спынілі горад, горад рухаўся”, — расказаў Андрэй Шорац.

Кіраўнік Мінгарвыканкама таксама прызнаўся, што, як і ўсе, атрымаў “снежную” эсэмэску. І ўдзельнічаў у прыборцы снегу. Па інфармацыі Шорца, снегу падчас “Даніэлы” было нават больш, чым падчас “Хаўера”.

“Мы паслалі нармальны пасыл грамадзянам аказаць нам дапамогу. Зараз, канешне, ужо ёсць нарматыўны акт, згодна з якім яны будуць абавязаныя прыбіраць снег, і за гэта будзе пэўная адказнасць… У эсэсмэсках я не бачу нічога дрэннага. Я сам атрымаў, я даў каманду рассылаць. І сам удзельнічаў у прыборцы снегу. Нічога дрэннага не бачу ў гэтым… Як трэба было, мы ўсе сабраліся і выйшлі ў Вяснінку і прыбіралі лес. Члены выканкама, дэпутаты. Нічога страшнага. Добра папрацавалі… А ўсе гэтыя каментары пасля эсэмэсак… Нармальныя людзі выйшлі і працавалі”, — падзяліўся сваім меркаваннем з Еўрарадыё Андрэй Шорац.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі