Velcom: Мы самі дасылалі SMS пра снег — нікому не прадстаўлялі абаненцкую базу
Загадкавы “Гарвыканкам” адной SMS-кай даў падставы мільёнам беларусаў і абурыцца, і пасмяяцца, і пагартаць Крымінальны кодэкс. Бо, як сцвярджае юрыст Алег Воўчак, рассылкай паведамлення Гарвыканкам, а таксама сотавыя аператары Velcom і МТС парушылі ажно шэсць артыкулаў таго Кодэкса.
Нагадаю, на мінулым тыдні жыхары Мінска атрымалі наступнае SMS-паведамленне: “Пераканаўча просім прыбраць снег ля машынамесцаў і ў дварах. Гарвыканкам”. Прычым, атрымалі яе і тыя, хто знаходзіцца за мяжой, і тыя, хто ў сталіцы не зарэгістраваны.
Юрыст Алег Воўчак падлічвае, колькі, на яго меркаванне, артыкулаў Крымінальнага кодэкса гэтым дзеяннем Гарвыканкама і мабільных аператараў было парушана. Тут і “несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі”, і “неправамернае авалоданне камп’ютарнай інфармацыяй”, і “наўмыснае раскрыццё службовай тайны”, і “злоўжыванне ўладай альбо службовымі паўнамоцтвамі”…
Больш за тое, Воўчак упэўнены, што “такой масавай рассылкай SMS парушаная Канстытуцыя — Мінгавыканкам, Velcom і МТС умешваюцца ў наша прыватнае жыццё, што забаронена”. У выніку юрыст робіць выснову: органы пракуратуры мусяць правесці з гэтай нагоды праверку. У Генпракуратуры адмахваюцца:
“Мне здаецца, вы тут ужо з мухі слана робіце — не, не будзе ніякай праверкі!” — кажа кіраўнік прэс-службы Генпракуратуры Пётр Кісялёў.
Прадстаўнік Генпракуратуры кажа, што таксама атрымаў такое SMS. А на пытанне, якія пачуцці яно ў яго выклікала, адказвае: “Ніякіх — узяў лапату і ў двары снег пачысціў”.
У прэс-службе Velcom прызнаюць, SMS пра ўборку снегу выклікала шмат абурэння і нараканняў з боку людзей. Тым не менш, кажа прадстаўнік Velcom, адмовіцца гэта рабіць яны не маглі.
Прэс-служба Velcom: “Мы былі вымушаныя гэта зрабіць, бо ёсць абавязальніцтвы, вызначаныя дамовай з Міністэрствам па надзвычайных сітуацыях. Калі адбываюцца нейкія надзвычайныя сітуацыі, то мы абавязаныя гэта рабіць, і мы робім гэта бясплатна”.
Галоўная прэтэнзія ў юрыста Алега Воўчага да мабільных аператараў — яны прадставілі гарвыканкаму тэлефонную базу сваіх абанентаў.
“Мы самі рабілі гэтую рассылку — ні МНС і ні Гарвыканкам. Таму нічога нікому не прадстаўлялі: ні нумароў, ні абаненцкай базы. Ніякіх заканадаўчых актыў не парушалі – гэта, бясспрэчна, абсурд! Тут нават пытанняў быць не можа”, — абураюцца ў прэс-службе Velcom.
Вядома, можна паспрачацца, наколькі снег “ля машынамесцаў і ў дварах” лічыць “надзвычайнай сітуацыяй”, каб рассылаць з гэтай нагоды SMS. Але не далей, як напярэдадні леташніх прэзідэнцкіх выбараў усе выбаршчыкі атрымалі SMS з заклікам прыйсці і прагаласаваць. Тут ужо дакладна ніякага надзвычайнага становішча не было!
Цікаўлюся, ці можна такога кшталту рассылку “набыць”? Вось, да прыкладу, пра музычную прэмію Еўрарадыё “Даём Рады”, што пройдзе 27 лютага і дзе сыграюць Neuro Dubel, "Дай дарогу", Dzieciuki і :B:N:. Мой суразмоўца губляецца. Кажа, што нават не ведае, ці існуе ў іх такі сэрвіс. Але дакладна мы з такім пытаннем да іх звяртаемся першыя і дакладна абаненты такую рассылку ўспрымуць, як спам і будуць моцна незадаволеныя.
Такім чынам, пытанне, колькі мабільнаму аператару каштавала рассылка пра снег, застаецца без адказу.
Ці ёсць у дзеяннях Мінгарвыканкама і аператараў склад злачынства? Звяртаюся да “трацейскага суддзі”, практыкуючага юрыста Максіма Знака. Які, дарэчы, таксама атрымаў SMS ад Гарвыканкама. Па яго словах, для таго, каб казаць пра нейкія крымінальныя парушэнні, павінны быць негатыўныя наступствы ад гэтых супрацьпраўных дзеянняў. У выпадку з SMS гэтага няма, і таму рассылка не з’яўляецца “крымінальнай падзеяй”. І нават калі б нехта з атрымальнікаў паведамленняў напісаў з гэтай нагоды заяву ў міліцыю, ніякіх сур’ёзных наступстваў не было.
Фота: Еўрарадыё