Кіраўнік Нацыянальнага агенцтва па турызме Памяранцаў пайшоў у адстаўку
Рыгор Памяранцаў больш не ачольвае ў Беларусі дзяржаўную ўстанову "Нацыянальнае агенцтва па турызме". Ад лета 2015-га ён быў выконваючым абавязкі дырэктара. Нядаўна Памяранцаву паведамілі, што яго могуць зацвердзіць на гэтай пасадзе, але давядзецца закрыць рахункі за мяжой, а фірму ў Латвіі перапісаць на жонку. Ён ад такога варыянту адмовіўся, інфармуе сайт tio.by.
Ужо былы беларускі чыноўнік кажа, што ішоў на гэтую пасаду не з-за грошай (заробкі вагаліся ад 1,5 млн да 10 млн рублёў), а хацеў дапамагчы беларускаму турызму. Паводле яго слоў, ні для каго не было таямніцай, што ён мае рахункі і фірму. Адмовіцца ад гэтага Памяранцаў не можа, бо ў яго трое дзяцей і яму "трэба іх карміць".
"Я ішоў у Нацагенцтва, таму што ў мяне была выразная упэўненасць, што я магу дапамагчы, — кажа Рыгор Памяранцаў у інтэрв'ю tio.by. — Але я адчуў, што, знаходзячыся ў сістэме, я не магу змяніць сістэму — хутчэй сістэма пачынае мяняць мяне. А гэта ўжо прамая пагроза. Таму, думаю, што я змагу быць эфектыўным і дапамагаць беларускаму турызму, знаходзячыся па-за сістэмай".
Рыгор Памяранцаў — ураджэнец Расіі, выпускнік Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта. Працаваў у прадстаўніцтве авіякампаніі SAS (Скандынаўскія авіялініі) у Беларусі, вучыўся на курсах у Капенгагене і Стакгольме. Быў першым акрэдытаваным кіраўніком замежнага прадстаўніцтва airBaltic Corporation у Беларусі. Пасля пераехаў у Рыгу, стаў віцэ-прэзідэнтам авіякампаніі. Стварыў гарадское турыстычнае бюро Live Rīga. У чэрвені 2015 года — студзені 2016-га Памяранцаў у Беларусі выконваў абавязкі дырэктара Нацыянальнага агенцтва па турызме.