Кіраўнік Удмурціі адмяніў візіт у Беларусь, і гэта выкарысталі для прапаганды
Намеснік старшыні ўрада Удмурціі Міхаіл Хоміч / tppm.by
Кіраўнік Удмурцкай рэспублікі Аляксандр Брачалаў на гэтым тыдні павінен быў прыехаць у Мінск і сустрэцца з Аляксандрам Лукашэнкам у рамках форуму "Дні Удмурціі ў Беларусі". Але нешта пайшло не так. Форум не адмянілі, ён прайшоў 25 лютага. Але Брачалава не было. Прыехалі толькі суправаджальныя асобы: яго першы намеснік і кіраўнікі буйных гарадоў Удмурцкай рэспублікі.
Ужо напярэдадні форуму адменены візіт сталі выкарыстоўваць для антыбеларускай прапаганды. 24 лютага расійскі тэлеграм-канал "Союз Бреча и Орала", які займаецца Удмурцкім парадкам дня і "топіць" супраць цяперашняга кіраўніка рэгіёна, пачынае пісаць допіс за допісам пра тое, што Аляксандр Лукашэнка адмовіўся ад сустрэчы з Аляксандрам Брачалавым і "прынізіў" удмурцкую дэлегацыю:
Па звестках ананімнага тэлеграм-канала, Брачалаў ехаў сустрэцца з Лукашэнкам па даручэнні Пуціна (у арыгінале аўтар тэлеграм-канала піша "самі ведаеце каго"). Але кіраўнік Беларусі адмовіў у сустрэчы. Чытай: адмовіў "самі ведаеце каму"!
26 лютага ў рэдакцыю Еўрарадыё звярнуўся занепакоены ананімны слухач (арфаграфія і пунктуацыя захаваныя):
“Я был вчера в президент-отеле на бизнес-форуме Удмуртии. Так знаете, что там говорили? Должен был приехать глава этого региона Бречалов и у него встреча с нашим Президентом была и это всё широко анонсировалось в сми. Можете погуглить и найти. А знаете почему не приехал? В кулуарах на форуме удмурты говорили, что их главу не отпустили на встречу с нашим главой. Изучите тему. Интересно узнать так ли это”.
Паведамленне выглядае як спроба рукамі Еўрарадыё падкінуць дроў у цяпер ужо вялацякучы сыравінны канфлікт Беларусі і Расіі. Разбіраемся, што адбываецца.
У апошні момант
24 лютага высвятляецца, што кіраўнік Удмурціі не прыехаў. Падобна, гэта стала вядома ў апошні момант. Калі ўдмурцкая дэлегацыя прыбыла ў Мінск і паехала ўскладаць кветкі да стэлы "Мінск — горад-герой", яшчэ не быў агульнавядомы абноўлены склад дэлегацыі. Магчыма, з-за гэтага журналіст "Минск-новостей" дапусціў памылку, палічыўшы, што сярод тых, хто прыехаў, ёсць кіраўнік Удмурцкай рэспублікі, пра што і напісаў. Да вечара публікацыю выправілі.
Акрамя сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, планавалася рандэву Аляксандра Брачалава з прэм'ер-міністрам Сяргеем Румасам. Па выніках перамоў чакалася падпісанне пагаднення аб "гандлёва-эканамічным, навукова-тэхнічным, экалагічным, гуманітарным і культурным супрацоўніцтве". Сустрэча так і не адбылася, дакумент падпісаны не быў. А найбольш высокапастаўленай асобай, з якой сустрэлася ўдмурцкая дэлегацыя, стаўся віцэ-прэм'ер Уладзімір Кухараў.
У абноўленай праграме форуму, апублікаванай 21 лютага, інфармацыю пра сустрэчы з кіраўніком урада Беларусі і Аляксандрам Лукашэнкам прыбралі. Але кіраўнік Удмурціі ўсё яшчэ пазначаны як госць.
Рука Пуціна
У дзень прыбыцця ўдмурцкай дэлегацыі стала зразумела, што кіраўнік расійскага рэгіёна не прыехаў у Мінск. На афіцыйных фотаздымках яго няма, у сваім інстаграм-акаўнце ён нічога з Беларусі не публікуе, у той час як яго першы намеснік на ўсю посціць фатаграфіі з беларускай сталіцы.
Яшчэ адзін удмурцкі тэлеграм-канал Life 18, які пазначае сябе як "першы палітычны telegram-канал Удмурціі", піша, што цяпер з Беларуссю "таксічныя кантакты", магчыма, маючы на ўвазе апошнія "нафтагазавыя войны" і вострае пытанне "паглыбленай інтэграцыі".
Яшчэ адзін тэлеграм-канал — "Деловая Удмуртия" — і зусім піша, што не варта пераацэньваць самастойнасць Брачалава ў рашэнні не ехаць у Беларусь.
Версіі разыходзяцца. Адны пішуць, што Брачалаў губляе ўплыў у Расіі і больш не карыстаецца падтрымкай Крамля. Іншыя — наадварот, што ён атрымаў відавочны сігнал з Крамля не ехаць у Беларусь. Сюжэт пра тое, што на фоне няўдалых перамоў па нафце Пуцін забараніў кіраўнікам расійскіх рэгіёнаў кантактаваць з Лукашэнкам, прасоўвалі тыдзень таму пракрамлёўскія тэлеграм-каналы ў Беларусі.
Афіцыйная прычына, па якой кіраўнік Удмурціі не прыбыў у Мінск, не названая. Атрымаць аператыўны адказ з прэс-службы кіраўніка расійскага рэгіёна Еўрарадыё не ўдалося. Але якую б прычыну ні агучыла прэс-служба, факт у тым, што адмена візіту кіраўніка Удмурціі ў Беларусь ужо на ўсю моц выкарыстоўваецца для "распальвання".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.