Кіраўнікі МЗС краін ЕС сёння абмяркуюць сектаральныя санкцыі супраць Беларусі
27 траўня ў Партугаліі кіраўнікі МЗС краін ЕС абмяркуюць эканамічныя і сектаральныя санкцыі супраць Беларусі. Пра гэта заявіў кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі Жазэп Барэль. Паводле яго слоў, гаворка пойдзе пра рэалізацыю санкцый.
У 2020 годзе Еўрасаюз увёў тры пакеты санкцый супраць уладаў Беларусі ў адказ на фальсіфікацыю вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, масавае парушэнне правоў чалавека і затрыманне дзясяткаў тысяч чалавек. Падрыхтаваны чацвёрты пакет. Аднак сітуацыя з пасадкай у Беларусі пасажырскага самалёта Ryaniar, які ляцеў з Грэцыі ў Літву, і затрыманнем Рамана Пратасевіча і Сафіі Сапега можа зрабіць санкцыі больш жорсткімі, чым планавалася.
Напярэдадні з'явілася неафіцыйная інфармацыя, што ЕС можа ўвесці супраць Беларусі сектаральныя санкцыі. Яны закрануць у асноўным кампаніі, якія вядуць дзейнасць у фінансавым, энергетычным і абарончым сектарах эканомікі. У прыватнасці ідзе гаворка пра забарону паставак прадукцыі "Беларуськалія" ў Еўропу.
У Беларусі пагражаюць контрсанкцыямі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.