Ківок у крымскі бок: прызнанне Лукашэнкам Крыма не за гарамі?
Аляксандр Лукашэнка падчас падпісання інтэграцыйных “дарожных мап” 4 лістапада выказаўся, што “Уладзімір Уладзіміравіч мне ўсё абяцаў-абяцаў, што з сабой возьме ў Крым”, але “вось сёння адзін з'ехаў і мяне з сабой не запрасіў”.
Масла ў палітычны агонь падліў беларускі дэпутат Андрэй Савіных, які ў той жа дзень заявіў, што “і дэ-факта, і дэ-юрэ Крым даўно быў прызнаны расійскім беларускім бокам”. Кіўкі ад беларускага рэжыму ў бок Крыма — ці гэта не намёк на яго хуткае прызнанне?
— Лукашэнка традыцыйна спрабуе гуляцца ў сваю любімую гульню — “лозунгі ў абмен на грошы”, — расказвае ў эфіры Еўрарадыё эксперт украінскага Інстытута будучыні Ігар Тышкевіч. — Ён з крыўдай згадаў, што “мяне не запрасіў”, а пасля згадаў Крым, маўляў, цяпер, расійскія сябры, узрадуйцеся, што Лукашэнка гатовы туды паехаць. І Савіных спрабаваў згуляць у гэтай канцэпцыі.
Аднак адказ Пяскова [прэс-сакратара Крамля. — Еўрарадыё] паказвае, што на слова цяпер не вераць. Фактычна з Крамля кажуць: окей, хлопцы, вы сказалі, а цяпер давайце паперку. А паперку Мінск даваць баіцца. Таму што фактычна прызнанне Крыма расійскім можа апынуцца чырвонай лініяй, за якую перакрочваць няможна. І калі ты яе перайшоў, то наступствы будуць, у тым ліку ў эканамічнай сферы. Станам на сёння ёсць глыбокі палітычны канфлікт, але ёсць разуменне як у Мінску, так і ў Кіеве, што эканоміка важная для абодвух бакоў.
Чым скончыцца міграцыйны канфлікт на беларуска-польскай мяжы? Польскія жаўнеры стануць у адзін вялікі шэраг і спыняць хвалю мігрантаў альбо ЕС не вытрымае і сядзе за стол перамоваў з Лукашэнкам?
— Станам на сёння ЕС не можа прыняць такое рашэнне, як і Лукашэнка не можа сабе дазволіць “даць заднюю”. Мы маем глыбокі палітычны крызіс, маем санкцыйны ціск з боку ЕС з-за парушэння правоў чалавека ў Беларусі, — адказвае эксперт. — Цяпер уявім, што еўрапейскія палітыкі кажуць “Ну добра, перагарнулі старонку, давайце сядзем, пагаворым”. Першае пытанне ім зададуць іх выбаршчыкі і спонсары з ліку бізнес-эліт: хлопцы, а што было папярэднія паўтара года? Без з’яўлення нейкіх дадатковых фактараў ЕС не можа сабе дазволіць выйсці з гэтай спіралі супрацьстаяння. Занадта далёка гэта зайшло.
— Цяпер з пункту гледжання афіцыйнага Мінска, класічнай аўтакратыі. У рэжыме аўтакратыі вярхушка піраміды кіравання не можа сказаць, што яна схібіла. Як толькі яны кажуць, што “мы памыляліся, давайце паддадзімся знешняму ціску”, — на гэтым моманце лаяльнасць ніжэйшых ланцужкоў гэтай піраміды змяншаецца і ўся сістэма развальваецца. Таму атачэнне Лукашэнкі таксама не можа рэзка пайсці на такі кантакт, таму што ён занадта любіць уладу, — падсумоўвае Ігар Тышкевіч.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.