Клінтан перамагла Трампа на першых дэбатах — 62% супраць 27% (відэа)
Першыя дэбаты кандыдатаў у прэзідэнты ЗША адбыліся ва Універсітэце Хофстра каля Нью-Ёрка. Яны доўжыліся 90 хвілінаў. Кандыдат ад Дэмакратычнай партыі Хілары Клінтан і кандыдат Рэспубліканскай партыі Дональд Трамп распавядалі, у якім напрамку павінна развівацца краіна.
Як адзначае CNN, Клінтан перамагла канкурэнта з вялікай перавагай: яе лічаць пераможцай 62%, Трампа — 27%.
Хілары Клінтан прапанавала рабіць стаўку ў эканоміцы на сярэдні бізнэс. Трамп лічыць неабходным спыніць адток вытворчасцей з ЗША і вярнуць у краіну працоўныя месцы за кошт змянення падпісаных і дзеючых міжнародных дамоваў аб гандлі.
Дэбаты паміж Клінтан і Трампам атрымаліся вельмі гарачымі. Канкурэнты перапынялі адзін аднаго і пераскоквалі з тэмы на тэму.
Клінтан нагадала свайму саперніку выказванні пра жанчын, якіх той параўноўваў са свіннямі, а цяжарнасць называў нязручнасцю для працадаўцаў. У адказ Трамп заявіў, што штаб яго саперніцы выдаткаваў сотні мільёнаў долараў на рэкламу супраць яго.
Напрыканцы дэбатаў абое супернікі паабяцалі прызнаць перамогу другога на выбарах 8 лістапада.
Самыя цікавыя цытаты палітыкаў (па версіі CNN, пераклад ru.epizod.ua):
Клінтан: "Я думаю, Дональд проста крытыкуе мяне за тое, што я падрыхтавалася да дэбатаў. Гэта праўда. Але я яшчэ і падрыхтавалася стаць прэзідэнтам ЗША ".
Трамп: "Мой самы моцны актыў — гэта мой характар. У мяне характар пераможцы".
Клінтан: "Можа Трамп і не такі багаты, як кажа. Ён нешта хавае, можа ён камусьці грошай павінен?"
Клінтан: "Я адчуваю, што да канца гэтага вечара мяне абвінавацяць ва ўсім дрэнным, што толькі можа быць".