Колькі тэрмінаў не пераабіраліся лідары беларускай апазіцыі?
Калякін на пасадзе кіраўніка дагнаў Лукашэнку, Гайдукевіч адстае на год, Лябедзька — на шэсць, Мілінкевіч у аўтсайдарах.
Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч вырашыў паўтарыць вопыт Аляксандра Лукашэнкі: насуперак абмежаванню ў два тэрміны выказаў жаданне застацца на пасадзе старшыні на трэці.
Сам палітык катэгарычна супраць, каб яго параўноўвалі з кіраўніком Беларусі.
Аляксей Янукевіч: “У Партыі БНФ увесь выбарчы працэс, пачынаючы ад самага пачатку і да моманту падліку галасоў, у тым ліку — па выбарах старшыні, адбываецца абсалютна дэмакратычна. І тое, што ў нас адбылася некалькі разоў змена партыйнага кіраўніцтва мінулымі гадамі, яскравае сведчанне гэтага”.
Што да працэдурнага пытання, то рэвізійная камісія “прыкрыла” старшыню партыі — заявілі, што рашэнне аб увядзенні “двухтэрміновага” абмежавання набыло моц, калі ён кіраваў партыяй другі раз. А гэта значыць, што першае старшынства… не лічыцца!
Еўрарадыё ўзгадвае, колькі гадоў кіруюць сваімі структурамі лідары апазіцыі.
У лідара левых Сяргея Калякіна стаж кіраўніка такі ж, як і ў Аляксандра Лукашэнкі — партыю “Справядлівы свет”, якая ад пачатку называлася “Партыя камуністаў Беларуская”, ён узначальвае ад 1994 года. Нязменна. І ніякіх маральна-этычных праблем у гэтай нязменнасці палітык… не бачыць.
Сяргей Калякін: “Абранне таго ці іншага чалавека кіраўніком партыі, асабліва апазіцыйнай, гэта справа сяброў партыі! І калі яны лічаць, што ён спраўляецца са сваімі абавязкамі, то ён можа выконваць гэту працу працяглы час”.
Наадварот, упэўнівае палітык, супраць усіх маральна-этычных норм будзе, калі лідар партыі, не зважаючы на меркаванне людзей, якія яму паверылі і пайшлі за ім, раптам скажа, што “адбыў тэрмін і сыходзіць адпачываць”. Асабліва з улікам таго, што жадаючых заняць месца лідара апазіцыйнай партыі проста… няма!
Сяргей Калякін: “А што ты атрымаеш?! Атрымаеш павышаны інтарэс спецслужбаў да цябе і тваіх родных і блізкіх, адказнасць за людзей, якімі кіруеш. Таму разумных людзей гэта стрымлівае. Якія разумеюць, што кіраўніцтва партыяй — гэта не толькі партфель, але і вялікі цяжар абавязкаў, якія штодзень неабходна выконваць”.
Другое месца па доўгажыхарстве займае лідар Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч — кіруе з 1995 года. Палітык упэўнівае: у іх жадаючых заняць яго месца процьма. Але яны вымушана стрымліваюць свае амбіцыі, бо разумеюць: без Гайдукевіча ЛДПБ ужо нібыта і не партыя…
Сяргей Гайдукевіч: “Я ніколі не трымаўся за крэсла — у мяне ўвогуле такога няма! Але сітуацыя такая, што людзі глядзяць на перспектыву: пачынаецца прэзідэнцкая кампанія альбо парламенцкія выбары, і людзі ацэньваюць лідара, глядзяць — трэба яго мяняць ці не, і прымаюць рашэнне”.
Падмануць давер людзей Гайдукевіч не можа. І ўпэўнівае: абмяжоўваць тэрмінамі кіраўніка партыі — глупства.
З 2000 года ўзначальвае Аб’яднаную грамадзянскую партыю Анатоль Лябедзька. У тым, што ён ніяк “не сыдзе”, палітык вінаваціць… дзеючую ўладу!
Анатоль Лябедзька: “Вось каб у Беларусі былі сумленныя, свабодныя выбары ў 2010 годзе, адбылася кампанія, у ёй узялі ўдзел усе палітычныя структуры. І, да прыкладу, АГП, БНФ, “Справядлівы свет” атрымалі 0,0% — ніводнага чалавека не правялі ў парламент, гэта б азначала, што ўсё лідары і ўсё кіраўніцтва мусяць сысці ў адстаўку”.
Не даюць Лябедзьку пакінуць адказную пасаду і аднапартыйцы: ніхто не хоча падседжваць старшыню — няма, упэўнівае суразмоўца Еўрарадыё, матывацыі. Дый, дадае, глупства гэта — абмяжоўваць кіраўніка партыі тэрмінамі. Гэта ж не кіраўнік краіны!
Не адпускаюць, скардзіцца лідар руху “За свабоду” Аляксандр Мілінкевіч, і яго падначаленыя. З 2005 года не адпускаюць. Хоць, упэўнівае, ён — за ратацыю. Дый здольныя замяніць кіраўніка маладыя кадры ў руху ёсць. Тым не менш Мілінкевіч далучаецца да меркавання калег: калі сябры партыі давяраюць кіраўніку і хочуць менавіта яго бачыць лідарам, то не трэба зважаць на абмежавальныя норму партыйнага статута.
Фота: Змітра Лукашука