Крама “Белая вада”

Яшчэ падчас студыйнай працы Ігар Варашкевіч казаў, што чакаць нейкіх кардынальных зменаў на новым альбоме не варта, маўляў у “Крамы” традыцыйны стыль і змяняцца ён не будзе. “Белая вада” сапраўды вельмі “крамаўскі” альбом. Ён абсалютна пазнавальны і пакідае адчуванне, што ўсе песні на дыску ўжо даўно гучалі на канцэртах ці выдаваліся.

Пры гэтым новы, сёмы ў дыскаграфіі гурта, альбом падаецца цяжэйшым і больш шчыльным па гучанні, у чым адчуваецца рука гукарэжысёра. Класічныя для Сержука Трухановіча “запілы” ды “салякі” засталіся, але дадаліся і даволі рэдкія раней рокавыя “дж-дж”. Уласцівы “Краме” рытм-энд-блюз і рок-н-рол месцамі нават пераходзяць у класічны хард-рок, як, напрыклад у загалоўнай песні “Белая вада”, у пройгршы “Дзяўчынкі…” А “Шлях праз багну” ўвогуле нагадвае творы ZZ Top.

За час запісу альбома ў гурце змяніўся бубнач: Андрэя Філатава замяніў Андрэй Цераховіч, які запісаў палову песень на дыску. Другую палову запісваў драмер Apple Tea Аляксандр Сапега. У выніку гучанне барабанаў у параўнанні з папярэднімі альбомамі стала заўважна больш драйвовым ды, так бы мовіць, рэзкім.

Нягледзячы на пэўныя творчыя непаразуменні паміж музыкамі, якія прывялі да адтэрміноўкі рэліза амаль на пяць гадоў, аранжыроўкі застаюцца вельмі выверанымі, адточанымі і прафесійнымі. Магчыма, дзякуючы паўзе ў студыйнай працы, якая дала магчымасць пераасэнсаваць самі трэкі-прычыны рознагалоссяў (“Белая вада”, “Колькі дарог”) ды іх гучанне, цяпер яны проста мусяць заняць сваё месца сярод асноўных хітоў гурта.

Асноўнымі аўтарамі тэкстаў па-ранейшаму застаюцца Зміцер Лукашук ды Наста Гулак. Пры гэтым ужо звыклыя заклікі “гэй там налівай”, “выпі са мной да дна” і г.д. знайшлі адлюстраванне толькі ў адзіным радку адной песні альбома (“З Новым годам”: “На працу, потым з працы мы хутчэй ідзем, а пасля дома моцнага сабе нальем”).

Варта адзначыць, што “Белая Вада” — вельмі “дарожны” альбом. Тэма дарогі праходзіць амаль праз кожную песню і, па прызнанні Ігара Варашкевіча, гэта яго задавальняе. Маўляў, даўно хацелася выдаць такі дыск, але не атрымлівалася, бо ў тэме былі толькі адзінкавыя песні.

Калі спрабаваць вылучыць больш удалыя ці прахадныя тэмы, то разумееш, што “Белая вада” вельмі роўны альбом, без уздымаў ды правалаў. Але “Дзяўчынка са шклянымі вачыма”, “Шлях праз багну”, “Дзякуй Богу, але ж мы ідзем дамоў” ды загалоўная “Белая вада” асабіста для мяне знаходзяцца… трошачкі ў фаварытах. Хутчэй за ўсё, гэтыя трэкі і стануць візітнай карткай новага альбома і трапяць у будучыя зборнікі “Крамы” а-ля бэстофзэбэст.

Паслухаць 5 трэкаў з альбома

  • Трэк-ліст “Белая вада”:
  •  
  • 01 – Песня для сяброў
  • 02 – Колькі дарог
  • 03 – Белая вада
  • 04 – Шлях праз багну
  • 05 – Вышэй за дахі
  • 06 – Дзяўчынка са шклянымі вачыма
  • 07 – З новым годам
  • 08 – Твой накірунак
  • 09 – Сумны брат
  • 10 – Дзякуй Богу, але ж мы ідзем дамоў
  •  
  • У запісе бралі ўдзел:
  • Андрэй Цераховіч — барабаны (1-3, 8, 9)
  • Аляксандр Сапега — барабаны (4-7, 10)
  • Аляксандр Ванькевіч — бас-гітара, бэк-вакал (1-8, 10)
  • Сяржук Трухановіч — гітара (1-10), акустычная гітара (1)
  • Андрэй Лявончык — клавішныя, бэк-вакал (1-8, 10)
  • Ігар Варашкевіч — лідар-вакал (1-10), акустычная гітара (2, 9, 10), гітара (4, 5), губны гармонік (1, 3, 9, 10)
  •  
  • Тэксты песень:
  • Наста Гулак (1)
  • Зміцер Лукашук (2, 3, 5, 7-10)
  • Наста Гулак, Ігар Варашкевіч (4)
  • Зміцер Лукашук, Ігар Варашкевіч (6)
  •  
  • Музыка:
  • Ігар Варашкевіч (2, 4, 5, 8, 10)
  • Ігар Варашкевіч, Сяржук Трухановіч (1, 3, 6, 7, 9)
  •  
  • Аранжыроўка:
  • Гурт “Крама” (1, 6, 7)
  • Сяржук Трухановіч (4, 9, 10)
  • Ігар Варашкевіч, Сяржук Трухановіч (5, 8)
  • Сяржук Трухановіч, Андрэй Цераховіч (2)
  • Сяржук Трухановіч, Андрэй Лявончык (3)
  •  
  • Прадзюсаванне: Сяржук Трухановіч
  • Запіс: студыі Maple Tree, Super 8, Az-Art
  • Звядзенне, майстарынг: Аляксандр Папроцкі

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі