Кухараў: з удзельнікаў пратэстаў за нанесеную Мінску шкоду спагналі амаль мільён
З удзельнікаў пратэстаў за нанесеную гарадскім службам Мінска шкоду спагналі амаль мільён рублёў. Пра гэта заявіў старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў. І гэта яшчэ не ўсё, бо па яго даных, агульная сума шкоды складае 1 мільён 250 тысяч рублёў. Кухараў падкрэслівае, што "праца [па спагнанні грошай] працягваецца".
"Тыя людзі, якія нанеслі ўрон камунікацыям, дваровым тэрыторыям, — яны ўсе выяўленыя, прыцягваюцца да адказнасці, і з іх спаганяюцца сумы, якія выстаўлены з боку камунальных службаў Мінска", — цытуе словы сталічнага кіраўніка БЕЛТА. Ён лічыць, што адміністрацыйная і крымінальная адказнасць, пад якую трапляюць пратэстоўцы, паспрыяе таму, каб яны ў далейшым "больш адказна" адносіліся да сваіх паводзін.
"Мы прымем самыя сур'ёзныя меры, каб у далейшым у нас такіх выпадкаў больш не было", — заявіў Уладзімір Кухараў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.