Латушка: Крэмль хоча ў Беларусі і прарасійскую партыю, і прэзідэнта

Латушка: Крэмль хоча ў Беларусі і прарасійскую партыю, і прэзідэнта

Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка лічыць, што рэальны ціск для змены Канстытуцыі ў Беларусі аказваюць менавіта Крэмль і Пуцін. Яны спрабуюць прымусіць Лукашэнку перадаць частку паўнамоцтваў парламенту:

— Пакуль мы можам абмяркоўваць толькі тую Канстытуцыю, якую апублікаваў Васкрасенскі — невядомы палітык, які невядома адкуль з’явіўся і стаў рупарам КДБ. 

На падставе таго праекта, які прапанаваў, – там ёсць яснае разуменне, што дэ-факта ніякіх спецыяльных паўнамоцтваў не пераходзіць да старшыні УНС. Так што мы паглядзім, што сам Лукашэнка прапануе. 

Мяркую, што вельмі мала асоб, амаль што ніхто не ведае, якое рашэнне будзе прымаць ён. Ён будзе прымаць яго пад ціскам Крамля, пад ціскам Пуціна, мы ведаем, што такая сустрэча будзе напрыканцы жніўня. Ён не вельмі, можа, хоча на свой дзень нараджэння ехаць яго спраўляць з Пуціным.

Гэта ціск Крамля. Ён мусіць частку паўнамоцтваў перадаць парламенту, бо гэта была ідэя менавіта Масквы — размеркаваць паўнамоцтвы паміж прэзідэнтам і парламентам.

Калі атрымліваецца парламент, у якога будзе партыйная структура фармавання, тады яны могуць прасоўваць ідэю прарасійскай партыі. 

І мы ведаем што такія захады робіць пасольства Расіі ў Мінску. А таксама разнастайныя ўплывовыя цэнтры, інстытуты, спецслужбы, каб сфармаваць прарасійскую партыю.

Другое — гэта кандыдатура Крамля на пасаду прэзідэнта. І яны або атрымліваюць і прарасійскі парламент з партыяй, і прарасійскага прэзідэнта, або толькі прарасійскі парламент. Гэта стратэгія Крамля. 

Але супраць гэтай стратэгіі — сам Лукашэнка. І ён пераконвае Крэмль, што ўсё стабільна. Але ўсё не стабільна.

Павел Латушка лічыць, што пасля сённяшняй сустрэчы Меркель і Пуціна, дзе будуць у тым ліку абмяркоўваць і беларускае пытанне, вельмі важна, каб нямецкі бок публічна агучыў тэзісы і вынікі размовы:

— Мы б хацелі мець большую празрыстасць. Бо калі вырашаецца лёс беларускага народу і ён абмяркоўваецца ў Маскве паміж Масквой і Берлінам, то вельмі важна, каб беларусы пра гэта ведалі. Якія тэзісы даводзяцца, якія вынікі гэтых размоў.

Я спадзяюся, што нямецкія партнёры прадставяць для публічнасці, у сродках масавай інфармацыі тое, аб чым была размова. Гэта вельмі важна.

Бо мы не хочам быць закладнікамі гэтай гісторыі. Тое самае робяць Лукашэнка з Пуціным: яны ніколі не інфармуюць пра тое, аб чым яны дамаўляюцца. Гэта непрымальна ў еўрапейскай і сусветнай палітыцы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі