Летась толькі ў Мінску пачалі 2,5 тысячы спраў за "экстрэмізм"
Пракуратура працягвае шукаць "экстрэмізм"
2580 крымінальных спраў па "экстрэмісцкіх" артыкулаў Крымінальнага кодэкса пачалі летась у Мінску. Такую статыстыку паведаміла "Мінск-Навінам" афіцыйная прадстаўніца УСК па Мінску Кацярына Гарлінская.
1003 чалавекі былі прызнаныя падазраванымі ў "грубым парушэнні грамадскага парадку" (ч. 1 арт. 342 КК), больш за 1000 спраў пачалі па абвінавачанні ў "абразе" Лукашэнкі і сілавікоў у інтэрнэце.
"Паверыўшы ў поўную ананімнасць і беспакаранасць, гэтыя грамадзяне лічаць неабходным выказваць меркаванне па розных пытаннях, натуральна, выкарыстоўваючы ненарматыўную лексіку і абразы на адрас прадстаўнікоў улады і любога, хто яе падтрымлівае", — заяўляе Гарлінская.
Акрамя "народнага" 342-га артыкула на мінчукоў пачынаюць крымінальныя справы за "экстрэмізм" па ч. 1 арт. 368 КК (абраза Аляксандра Лукашэнкі), арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады) і ч. 1 арт. 130 КК (наўмысныя дзеянні, накіраваныя на ўзбуджэнне нацыянальнай варожасці і варожасці па прыкмеце нацыянальнай прыналежнасці). Затрыманых бяруць пад варту.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.