ЛГБТ-актывісты — міліцыі: Мы пройдзем, бо мы не нясём зла
20 траўня на сайце Міністэрства ўнутраных спраў з'явілася неадназначная заява ў бок аднаполых саюзаў. Маўляў, Беларусь — краіна традыцыйных каштоўнасцяў, а астатнія — "не пройдуць". Так МУС адрэагавала на вясёлкавы сцяг, вывешаны Брытанскай амбасадай у Міжнародны дзень барацьбы з гамафобіяй.
Як гэта, мець “нетрадыцыйную арыентацыю” у краіне, дзе міліцыя дазваляе сабе заяўляць, што ты, твае каштоўнасці і тваё жыццё — падробка? Еўрарадыё паразмаўляла пра гэта з актывістамі ЛГБТ-супольнасці.
Наста Манцэвіч, 35 гадоў: Мяне выказванне МУС абразіла і спужала
Мяне выказванне МУС абразіла і спужала. Калі я бачу такое выказванне на афіцыйным сайце міністэрства, я ўспрымаю яго як афіцыйную пазіцыю ўстановы. Установы, якая павінна клапаціцца пра бяспеку сваіх грамадзян. Таму я, як чалавек, які адносіцца да ЛГБТ-супольнасці, не разумею, што гэта значыць для мяне як грамадзянкі Беларусі. Я гэта ўспрымаю як пагрозу і не разумею, якія могуць быць наступствы.
Мне не зразумела таксама, чаму МУС увогуле разважае на сваім сайце пра традыцыйныя каштоўнасці. Больш за тое, я лічу, што яны распальваюць варожасць паміж рознымі сацыяльнымі групамі ў Беларусі, калі, напрыклад, супрацьпастаўляюць ЛГБТ-людзям хрысціянскія каштоўнасці і хрысціян. Тут важна разумець, што веравызнанне любога чалавека не супярэчыць сексуальнай і гендарнай ідэнтычнасці, і што ёсць шмат хрысціян-ЛГБТ.
Гэтая апошняя фраза, "Они не пройдут", мяне пужае. Мне 35 гадоў, я беларуска і жыву ў Беларусі. І што такое: "Они не пройдут"? Гэта значыць, што ў мяне нейкі нелегальны статус з-за маёй сексуальнай ідэнтычнасці? Гэта непрымальная заява, і хацелася б, каб МУС яе прыбрала са свайго сайту.
У мяне быў выпадак, калі мяне абрабавалі. Я звярталася ў міліцыю і чакала, што мяне ў гэтай сітуацыі абароняць. Міліцыя знайшла людзей, якія мяне абрабавалі, і ў той сітуацыі мяне абараніла. І гэта тыя паводзіны, якіх я чакаю ад структуры, якая павінна клапаціцца пра бяспеку сваіх грамадзян, а не распальваць варожасць, не прыніжаць і не запужваць людзей.
Андрэй Завалей, 28 гадоў: Каханне не можа быць падробкай
Калі чую такія заявы ад афіцыйных прадстаўнікоў, адчуваю сябе непаўнавартасным чалавекам. Гэта вельмі абразліва.
Нас абвінавачваюць, што мы "злосна адстойваем сваю пазіцыю"... Гэта вельмі смешна чуць. Яны самі пішуць пра выключныя правы гетэрасексуальных людзей у Беларусі, а потым заяўляюць, што мы патрабуем нейкіх асаблівых правоў. Мы хочам, каб не было выключных правоў ні для каго, каб была сапраўдная роўнасць.
Каханне не можа быць падробкай. Апрыёры гэта такое пачуцце, якое сведчыць пра чалавечую годнасць, якое нельга адабраць у чалавека. Справа такая, што ЛГБТ-супольнасць, ЛГБТ-людзі ў Беларусі жывуць у атмасферы татальнага страху, што нельга раскрываць сваё каханне, нельга раскрываць сваю ідэнтычнасць. І гэта вельмі страшна. І наша "злосная барацьба" — гэта проста пра права жыць, пра права быць у гэтай краіне і не адчуваць знявагу, якую яны і дэманструюць.
Мне вядомыя выпадкі, калі людзі, якія зрабіліся ахвярамі гамафобных нападаў, звяртаюцца ў міліцыю і сутыкаюцца там са зняважлівым стаўленнем. Яны вымушаныя перажываць наноў сваю драматычную гісторыю. Таму шмат людзей трымаюцца ад міліцыі падалей, бо гэтыя здзекі, што ты пачуеш ад міліцыянтаў, якія мусяць абараняць цябе, гэта вельмі траўматычна. Натуральна, ёсць і ў МУС, і ў іншых інстытуцыях людзі, якія ставяцца да цябе адэкватна, бо добрыя людзі ёсць паўсюль. Але сістэма не дазваляе гэтай сімпатыі і чалавечаму паразуменню адбыцца.
Я думаю, што я прайду, бо ніякага зла з сабой не маю. Я кажу толькі пра павагу і пра правы грамадзян Беларусі, якія мусяць мець аднолькавыя абавязкі і аднолькавую абарону.