Лідар банды гандляроў спайсам аказаўся хворым на царабральны паралюш

У сярэдзіне лютага Еўрарадыё апублікавала журналісцкае расследаванне, дзе мы паказалі, як дзёрзка наркадылеры гандлююць нібыта легальнымі псіхатропамі, і як шырока мода на гэту атруту распаўсюдзілася сярод моладзі.

Дзеля справядлівасці заўважым, што праваахоўныя органы ўзяліся за праблему шырокім фронтам.

За студзень і люты гэтага года распачалі каля…1300 крымінальных спраў. З іх каля 70% ― за распаўсюджванне нібыта легальных сінтэтычных псіхатропаў ― спайсаў, эйфарыйных парашкоў, так званых марак і іншага.

Як у Беларусі прадаюць спайс і псіхатропныя парашкі (ВІДЭА)

Па інерцыі дылеры працягваюць прадаваць свой смяротны тавар. Але ў Міністэрстве ўнутраных спраў журналісту Еўрарадыё падкрэсліваюць, што сёння любое рэчыва, якое на стары манер выдаюць за “легалку”, насамрэч, з’яўляецца паўнавартасным псіхатропам. І пакупнікам, і распаўсюджвальнікам пагражае зняволенне.

“Раней гэтыя псіхатропы былі легальнымі, дылеры зараблялі лёгкія грошы. Таму сёння яны не могуць спыніцца, ― тлумачыць Вадзім Валчок, старэйшы оперупаўнаважаны па асабліва важных справах Упраўлення па наркакантролі МУС Беларусі. ― Гэта людзі, якія зазвычай не маюць вышэйшай адукацыі. Заробкі раней былі добрыя, таму пра нейкае іншая развіццё яны не задумваліся”.

Толькі за два месяцы ў Беларусі канфіскавалі 2 кг. псіхатропаў, што лічыцца добрым уловам. А ў аўторак 4 сакавіка ў сталіцы знаходзяць тайнік з 13 кілаграмамі парашку, які збіраліся перавесці ў рэагент і прапітаць ім
да дзвюх тон спайсу. Гэтага хапіла б як мінімум на чатыры мільёны (!) доз спайсу.

“Наркадылеры выходзяць ў інтэрнэт, замятаючы ўсе сляды”

Сярод спажыўцоў і дылераў сінтэтычных псіхатропаў сустракаюцца самыя нечаканыя людзі. Яно і зразумела: з-за колішніх прабелаў у заканадаўстве праблема ўзвінцілася да найвышэйшых абаротаў.

У лютым затрымалі групу збытчыкаў. Іх арганізатарам аказаўся інвалід другой групы з царабральным паралюшам. У такім брудным бізнэсе хто валодае якасцямі прадпрымальніка, той і робіцца лідарам, ― працягвае аналізаваць удзельнікаў наркарынку Вадзім Валчок. ― Раней затрымалі нават машыніста метрапалітэна. Ён захоўваў забароненыя рэчывы і спажываў”.

Еўрарадыё: Два гады таму ў Мінску затрымалі студэнта, які наладзіў свой наркабізнэс, рэагенты атрымліваў па пошце. Яго гадавы заробак — каля 700 тысяч долараў. Ці маюць сённяшнія беларускія распаўсюджвальнікі такія грошы?

Вадзім Валчок: “Такое магчыма. Зараз у суд ідзе справа па гродзенскіх наркавытворцах. Усю дзейнасць яны вялі праз інтэрнэт. Калі затрымлівалі арганізатара, толькі наяўнымі ў яго кватэры знайшлі 26 тысяч долараў”.

Еўрарадыё: Падчас падрыхтоўкі расследавання мы ўбачылі, як дылеры прадаюць псіхатропы праз скайп метадам так званых “закладак”. Непасрэднага кантакту з пакупнікамі яны не дапускаюць. Ці удаецца міліцыі выходзіць на такіх дылераў?

Вадзім Валчок: “Каб выкрыць такую схему, праходзіць нямала часу. У кожным разе, збытчыкі праяўляюць сябе ў жыцці. Па ўсіх гэтых групах існуе кола асобаў, якіх мы адпрацоўваем. І рана ці позна дылеры пацвярджаюцца.

Што тычыцца узгаданай гродзенскай групы, адзін з арганізатараў меў спецыяльнасць камп’ютарнага адміністратара. У інтэрнэт выходзілі з проксі-сервераў, замятаючы ўсе сляды, ай-пі-адрас мы не бачылі. Але спыніць іх дзейнасць удалося”.

“Распаўсюджвальнікі марак, з-за якіх на Міншчыне загінулі людзі, затрыманыя”

Трагічныя здарэнні, калі на Міншчыне людзі гінулі ад перадазіровак, спажыўшы так званыя маркі (кавалачкі паперы, прапітаныя рэагентам) таксама атрымалі новы паварот. Некаторых дылераў, якія прадалі небяспечны тавар, ужо затрымалі.

“Гэта маладыя мужчына і жанчына, ― паведамляе Вадзім Валчок. ― Паводле нашых дадзеных, яны займаліся распаўсюджваннем цягам некалькіх гадоў. Яшчэ калі гэта было легальным. Смяротна небяспечныя маркі, якія яны прадавалі, аказаліся аналагам так званага экстазі”.

У адказ на масавыя смерці ад спайсаў ствараецца антынаркатычная камісія

У расследаванні Еўрарадыё гутарка вялася і пра адзін з самых папулярных сайтаў па продажы сінтэтычных псіхатропаў. Там усе рэчывы ў маляўнічай форме апісваліся як легальныя, модныя і бяспечныя. Рэсурс працаваў гадамі.

У МУС патлумачылі, што спачатку сайт быў зарэгістраваны ў Скандынавіі. Яго ўдалося закрыць пры дапамозе Інтэрполу. Калі гэта здарылася, з’явіўся сайт-люстэрка ў іншай даменнай зоне. Яго наркадылеры зарэгістравалі ў ЗША. Закрыць гэты рэсурс дагэтуль не ўдалося, але цягам двух месяцаў бегункі з гэтай групоўкі баяцца гандляваць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі