"Лісты ў клетачку" больш не будуць пісаць беларускім палітвязням
"Лісты ў клетачку" больш не будуць пісаць беларускім палітвязням / pixabay.com
Ініцыятыва, з дапамогай якой можна было пісаць лісты беларускім палітвязням, "Лісты ў клетачку", больш не будзе працаваць. Прычын, паводле слоў яе арганізатараў, некалькі.
Па-першае, апошнім часам — ужо больш за паўгода — яны не атрымлівалі адказаў. Гэта значыць, іх наогул не было. Таму ўзнікла пытанне пра мэтазгоднасць працы. Прычым лісты не даходзілі як на волю, так і палітвязням.
“У тых, хто выходзіць на волю, мы цікавімся — ці атрымлівалі яны нашы лісты. І даволі часта аказваецца, што не атрымлівалі. Нам вельмі не хочацца проста спансіраваць "Белпошту" і выкідаць у скрыню тысячы канвертаў і лістоў, а таксама марнаваць грошы людзей і час валанцёраў", — пішуць арганізатары ініцыятывы.
Па-другое, валанцёраў, якія застаюцца ў Беларусі, з кожным днём усё менш. А людзей, прызнаных палітвязнямі, — усё больш.
“У нас не хапае рук і рэсурсаў на аператыўную апрацоўку лістоў, а таксама на менеджмент задач, якія разрастаюцца. На жаль, у гэтых умовах мы не можам справіцца з гэтымі выклікамі і прымаем рашэнне закрыць ініцыятыву".
На шчасце, гэта была не адзіная ініцыятыва па напісанні лістоў у турму. Іх па-ранейшаму можна адпраўляць праз камерцыйны сервіс Письмо.бел. Таксама ёсць ініцыятыва "Майстэрня паштовак салідарнасці" і Dissidentby.
За паўтара года працы "Лісты ў клетачку" атрымалі 18000 лістоў і адправілі большую частку з іх.
“Не лічачы аднаслоўных пасланняў, паўтораў, тых, якія загадзя не пройдуць цэнзуру і да таго падобнага, — тлумачаць арганізатары. — Мы пачыналі, калі палітвязняў было каля двухсот чалавек — цяпер іх больш за тысячу".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.