Літоўскі палітык: Беларусь стварала ў Літве шпіёнскую сетку
Артурас Паўлаўскас лічыць, што спецслужбы нанеслі па ёй сур'ёзны ўдар.
Беларусь стварала ў Літве шпіёнскую сетку, але па ёй удалося нанесці сур'ёзны ўдар. З такой заявай выступіў Артурас Паўлаўскас, старшыня парламенцкага Камітэта па нацыянальнай бяспецы і абароне Літвы. Паводле яго слоў, "беларускія разведчыкі" шукалі сярод літоўскіх грамадзян людзей, якія "гатовыя працаваць на іх, прадаваць таямніцы Літоўскай рэспублікі". Аднак контрразведка пасля працяглай і цяжкай працы здолела гэтую сетку выявіць.
Паўлаўскас сцвярджае, што гаворка ідзе пра разведчыкаў Галоўнага разведвальнага ўпраўлення Генштаба Узброеных сілаў Беларусі. Аднак ён упэўнены, што беларусы абменьваюцца інфармацыяй з расійскімі калегамі. Літоўскі палітык не выключае, што не ўсіх агентаў беларускіх спецслужб удалося выявіць і затрымаць, інфармуе Delfi.
Дарэчы, гэты скандал з выкрыццём "беларускай шпіёнскай сеткі" літоўскія спецслужбы выкарысталі для ўзняцця пытання пра неабходнасць павелічэння іх фінансавання.
Нагадаем, што раней спецслужбы Літвы паведамлялі пра затрыманне "беларускага шпіёна", які працаваў на дзяржпрадпрыемстве Oro navigacija. Учора з'явілася інфармацыя пра яшчэ аднаго "шпіёна", які служыў санітарным інструктарам ва Узброеных сілах Літвы.
Фота — Fotolia