Літва не ўхваліць змякчэнне санкцый на беларускі калій — Наўседа
Вагоны з беларускім каліем у Літве. Цяпер такое цяжка ўявіць / infotrans.by
Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа заявіў, што Літва працягне блакаваць зняцце еўрапейскіх санкцый з беларускага калію. Гаворка ідзе пра транзіт угнаенняў.
— Збіраюцца аказаць ціск і на нас, каб мы змякчылі праблемы, якія ўзніклі на фоне харчовага крызісу, дазволіўшы экспарт угнаенняў з Беларусі. Я ўсім сваім калегам сказаў, што мы не дамовімся, і сапраўды пазіцыя Літвы засталася ранейшай, яна не змянілася і не зменіцца. Мы лічым цалкам няправільным змякчаць санкцыі супраць дыктатараў замест таго, каб іх рабіць больш жорсткімі, асабліва цяпер, — кажа Наўседа.
На яго думку, няправільна адной рукой рабіць больш жорсткімі санкцыі, а другой даваць Лукашэнку шчыліны для заробку.
— Гэта найпоўны нонсэнс. Таму мы не можам гэта ўхваліць.
Гітанас Наўседа падкрэсліў, што харчовы крызіс справакавалі не санкцыі ЕС, а рашэнне Крамля выйсці са здзелкі па экспарце ўкраінскага збожжа. Кіраўнік Літвы лічыць, што Масква спрабуе шантажаваць іншыя краіны з дапамогай харчовай праблемы.
— Мы працягнем пераконваць нашых калегаў у тым, што такія паводзіны павінны карацца і ў першую чаргу карацца міжнароднымі ўстановамі, — заключае Наўседа.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.