Лукашэнка абураны каментарамі расійскіх СМІ наконт яго рашэння
Пра гэта ён заявіў у чацвер у Мінску на сустрэчы з кіраўніком Мардовіі Уладзімірам Волкавым.
На сустрэчы, дарэчы, прысутнічаў амбасадар Расіі ў Мінску Аляксандр Сурыкаў.
Аляксандр Лукашэнка назваў недапушчальным, што некаторыя расійскія СМІ паднеслі прапанову беларускага боку накіраваць самалёты ВПС Расіі ў нашу краіну для сумесных вучэнняў як просьбу аб ваеннай дапамозе.
"Учора асобныя расейскія каналы паставілі Беларусь у шэраг з Крымам і — ай-яй-яй: Лукашэнка спалохаўся, папрасіў дапамогі, абароны ў Расіі", — цытуе interfax.by словы беларускага кіраўніка.
"Навошта вы гэта робіце? Вы лепш скажыце, што вы даўно просіце ў нас гэта. І я ўжо тут, ведаеце, рознымі выкрутасамі прапанаваў, каб Расія прыехала і тут прызямлілася", — заявіў Лукашэнка.
Нагадаем, што ў сераду Аляксандр Лукашэнка заявіў, што папросіць, каб у Беларусь прыбылі да 15 дадатковых расійскіх знішчальнікаў.
Фота — БЕЛТА