Лукашэнка адмяніў уласны ўказ аб выкананні тэхрэгламенту Мытнага саюза
Індывідуальным прадпрымальнікам і юрыдычным асобам далі адтэрміноўку яшчэ на тры месяцы.
Дзеянне прэзідэнцкага ўказу ад 9 лютага аб захадах па забеспячэнні дзяржкантролю за выкананнем патрабаванняў тэхрэгламентаў прыпыненае да 1 чэрвеня. Такое рашэнне зацверджанае новым указам № 90 ад 20 лютага. Такім чынам, папярэдні ўказ дзейнічаў меней за тыдзень, адзначае TUT.by
Ранейшы ўказ быў скіраваны на забеспячэнне выканання тэхнічных рэгламентаў Мытнага саюза, ЕАЭС, павышэнне эфектыўнасці нагляду за бяспекай і якасцю прадукцыі.
Адным з пунктаў дакумента было ўвядзенне адміністратыўнай адказнасці юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў за парушэнні патрабаванняў тэхрэгламентаў МС і ЕАЭС і працэдур абавязковага пацвярджэння адпаведнасці прадукцыі патрабаванням тэхрэгламентаў.
Напрыклад, штраф за выпуск у абарачэнне прадукцыі, неадпаведнай патрабаванням тэхрэгламентаў МС і ЕАЭС, быў вызначаны на ўзроўні 20-50 базавых велічынь, на ІП або юрыдычную асобу — да 100% ад кошту рэалізаванай прадукцыі, але не меней за 200 базавых велічыць.
Штраф за невыкананне правіл абавязковага пацвярджэння адпаведнасці прадукцыі патрабаванням тэхрэгламентаў МС і ЕАЭС, а таксама за рэалізацыю прадукцыі без сертыфікату быў вызначаны на ўзроўні ад 20 да 50 базавых велічыць. Індывідуальныя прадпрымальнікі або юрыдычныя асобы павінны былі плаціць да 200% ад кошту рэалізаванай прадукцыі, але не меней за 200 базавых велічынь.