Лукашэнка прыбыў з дзяржаўным візітам у Кітай
Аляксандр Лукашэнка прыбыў з дзяржаўным візітам у Кітай. Яго самалёт зрабіў пасадку ў пекінскім аэрапорце Шоўду, інфармуе прэс-служба Лукашэнкі.
Падчас візіту кіраўнік Беларусі правядзе перамовы са старшынёй КНР Сі Цзіньпінам. Чакаецца, што кіраўнікі дзвюх краінаў падпішуць каля 30 міжнародных дакументаў аб развіцці супрацоўніцтва ў палітычнай, эканамічнай і сацыяльнай сферах. Акрамя таго, Лукашэнка і Сі Цзіньпін плануюць падпісаць сумесную дэкларацыю па ўзроўні двухбаковых адносін і асноўных праграмных напрамкам іх развіцця.
Таксама беларускі кіраўнік правядзе сустрэчы з прэм'ерам Дзяржаўнага савета КНР Лі Кэцянам, старшынёй Усекітайскага камітэта Народнага палітычнага кансультатыўнага савета Кітая Юй Чжэншэнам і старшынёй Пастаяннага камітэта Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў Чжан Дэцзянам.
Праграма візіту Лукашэнкі прадугледжвае таксама наведванне Пекінскага ўніверсітэта. Ён сустрэнецца з кіраўніцтвам ВНУ і студэнтамі, а таксама адкажа на iх пытаннi.