Лукашэнка сказаў пра вельмі магутную армію "за спінай"
10 снежня Аляксандр Лукашэнка ўхваліў план выкарыстання рэгіянальнай групоўкі войскаў Беларусі і Расіі. Над ім працавалі генштабы краін "з улікам прагнозу стратэгічнай і вайскова-палітычнай сітуацыі". У снежні дакумент будзе разгледжаны на пасяджэнні вышэйшага дзяржсавета саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, а менавіта — на сустрэчы Лукашэнкі і расійскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна. Рэгіянальная групоўка войскаў прызначана і для стрымлівання "буйнамаштабнай агрэсіі" і для абароны ад яе.
"Нагнятанне сітуацыі ідзе, — гаварыў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з міністрам абароны Віктарам Хрэніным і начальнікам генштабу Аляксандрам Вальфовічам. — Як бы тут не заяўлялі, як бы нас не закалыхвалі і кіраўніцтва ЗША, і цяпер кіраўніцтва NATO... Апраўдваючыся, кажуць: "Не, не, гэта мы проста так трэніруемся". Мы — людзі ваенныя. Нават калі трэніруемся, значыць для чагосьці. Таму нам супакойвацца нельга. Нават калі ў нас за спінай знаходзіцца сапраўды магутная армія... Як кажуць, другая армія ў свеце. Вельмі магутная... Тым не менш, нам супакойвацца нельга".
Безумоўна, Лукашэнка меў на ўвазе расійскую армію. Раней ён заяўляў пра "пагрозу" NATO для заходняй Беларусі. Нібыта, не выключаны напад. У NATO заявілі, што не маюць такіх планаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.