Лукашэнка: За карупцыю ў медыцыне пачатыя 95 крымінальных спраў
Праблемы ў сферы аховы здароўя набылі такі маштаб, што проста новымі прызначэннямі абмежавацца нельга. Пра гэта падчас нарады аб праблемных пытаннях у сістэме аховы здароўя і кадравых прызначэннях 11 верасня распавёў Аляксандр Лукашэнка.
Па яго словах, у мінулым годзе колькасць карупцыйных спраў у медыцыне вырасла ў два разы. "На жаль, факты карупцыі здараюцца ўсюды, але ў ахове здароўя праблема стала не кропкавай, а скразной, сістэмнай. Яна закранула не асобных службовых асоб, а закранула практычна ўсю вертыкаль — ад прыватнікаў, вайскоўцаў, дзяржаўных службоўцаў да Міністэрства аховы здароўя, а можа быць, і вышэй, следства разбярэцца", — цытуе кіраўніка краіны БЕЛТА.
У выніку нарады Лукашэнка даў згоду на шэраг прызначэнняў. Намеснікам міністра аховы здароўя стаў Барыс Андрасюк. Пасаду гендырэктара вытворча-гандлёвага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства "Белмедтэхніка" заняў Мікалай Кудзеньчук. Гендырэктарам гандлёва-вытворчага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства "Белфармацыя" будзе Валянціна Ігнаценка.