Люксембург: што такое рэальнае трохмоўе
Дома люксембуржцы размаўляюць па-люксембургску, законы пішуць па-французску, а газеты чытаюць на нямецкай мове.
Што ведаюць пра Люксембург? Тое, што ён маленькі і заможны. І гэта чыстая праўда.
Памерам
Вялікае герцагства трохі болей за Быхаўскі раён. Але там жывуць аж
паўмільёна чалавек. Сама назва краіны ідзе ад нямецкага "lucilinburch" –
"малы горад".
Па прыбытках на душу насельніцтва Люксембург –
першы ў Еўропе і другі ў свеце, гэта афшорная зона Еўропы. У сталіцы
больш за 200 банкаў і тысяча інвестыцыйных фондаў – больш за любы іншы
горад у свеце.
Але за дэфініцыяй "маленькі і заможны" нярэдка забываюць іншую ўнікальнасць Люксембурга – яго моўную сітуацыю.
У
краіне тры афіцыйныя мовы – люксембургская, французская і нямецкая.
Прычым у адрозненне ад Бельгіі і Швайцарыі мовы ўжываюць не залежна ад
рэгіёна, а ад сітуацыі.
Так, у побыце звычайна карыстаюцца
люксембургскай, мова сферы паслугаў і заканадаўства – французская, а
пераважная мова друкаванай прэсы – нямецкая. Але радыё і тэлебачанне ў
асноўным на люксембургскай.
Па ўсёй краіне – спецыяльныя скрыні з бясплатнымі каляровамі газетамі на розных мовах
У выніку, жыхары герцагства валодаюць трыма, а нярэдка чатырма-пяцьма мовамі. Гэта хіба самая мультымоўная еўрапейская нацыя.
Паводле дырэктаркі Нацыянальнага моўнага інстытуту Габі Кунш (Gaby Kunsch), назіраецца заўважны наплыў ахвочых вучыць люксембургскую мову:
"Колькасць ахвочых расце, у 2009 годзе было на 30% болей за папярэдні.
Гэта звязана і з захадамі ўрада. Напрыклад, моўны тэст для атрымання
люксембургскага грамадзянства".
Прыклад бясплатнай штодзённай газеты. Палова – па-нямецку, палова – па-французску
Высокаякасная прэса – ледзь ні на кожным прыпынку грамадскага транспарта, а таксама ў самім транспарце
Часам
газеты ўжываюць і іншыя мовы. Напрыклад, калі прынялі новы закон пра
арэндную плату, то тэксты надрукавалі ажно на пяці розных мовах – яшчэ
па-партугальску і па-іспанску, бо гэта самыя вялікія імігранцкія
супольнасці ў краіне.
У парламенце ўжываюць люксембургскую, але
часам і французскую. Напрыклад, калі трэба працытаваць закон. А агляды
дэбатаў робяцца па-нямецку, іх дасылаюць усім люксембуржцам.
Люксембургская
мова – нямецкага паходжання, стандартызаваны варыянт аднаго з
дыялектаў. Але цяпер яна заўважна адрозніваецца ад нямецкай і ўсё
носьбіту нямецкай сходу не зразумець.
Што дазваляе
люксембургскай мове, ды дзвюм іншым афіцыйным паспяхова развівацца і не
абмяжоўваць адна адну, як гэта адбываецца ў Беларусі з усё меншай роляй
беларускай мовы?
Перш за ўсё, люксембуржцы ганарацца
сваёй мовай. Гэта сімвал ідэнтычнасці малой нацыі. Паводле першага
артыкула моўнага закона, люксембургская мова – "нацыянальная мова люксембуржцаў".
Па-другое, асобны артыкул закона аб мовах выразна сцвярджае: любыя органы ўлады павінны на пытанне грамадзяніна адказваць на той з афіцыйных моваў, на якой пытанне задаецца. То бок ніякія адпіскі аб тым, што "у нас дзве афіцыйныя мовы", як гэта здараецца ў Беларусі, не прымаюцца.
У сталіцы герцагства ёсць квартал пад назвай "Грунвальд"
Яшчэ адна прычына актыўнага ведання трох моў – у школах на іх вучаць не "па заяўках бацькоў", а абавязкова.
Французская і нямецкая – асноўныя мовы выкладання на розных этапах
школьнага працэсу. Праўда, тлумачэнні часам даюцца па-люксембургску. І
на ёй жа выкладаюць мастацтва, музыку і спорт.
Плюс школьнікі выбіраюць сабе замежную мову: англійскую, італьянскую, іспанскую альбо латынь.