Маці Ліхавіда: Маё дзіця вінаватае ў тым, што не мае расійскага пашпарта
Абвінавачаны па "справе 19 снежня" Мікіта Ліхавід атрымаў 3,5 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. Для прыняцця рашэння суду спатрэбіліся чатыры паседжанні.
На працэсе супраць юнака сведчылі ажно 29 спецназаўцаў, якія нібыта пацярпелі падчас разгону акцыі пратэсту ў паслявыбарчы вечар. Адно іх апытанне заняло 2 дні працэсу. Спецназаўцы блыталіся ў паказаннях, не пазнавалі абвінавачанага — але суд гэта не збянтэжыла. Прысуд 20-гадоваму сябру руху “За свабоду” вынесла суддзя Партызанскага раёну Наталля Пыкіна.
“Я з першага дня назірала, як суддзя абрала бок абвінавачання, а сёння нават не прыслухалася да словаў, якія казала адвакатка. У мяне было ўражанне, што ў іх усё ўжо загадзя прапісана”, — кажа маці Мікіты Алена Ліхавід. Жанчына рыхтавала сябе да горшага, але выйшла яшчэ горш, чым яна меркавала.
Алена Ліхавід: “Я чакала і была гатовая да трох гадоў зняволення. Але 3,5 узмоцненага рэжыму… Маё дзіця ў дадзенай сітуацыі вінаватае толькі ў тым, што не мае расійскага пашпарту”.
Маці Мікіты Ліхавіда, відавочна, мела на ўвазе лагодныя, у параўнанні з іншымі, прысуды грамадзянам Расіі Арцёму Брэўсу ды Івану Гапонаву: яны атрымалі ўмоўныя тэрміны і былі вызваленыя з-пад варты проста ў зале суда. Праваабаронца Валянцін Стэфановіч лічыць, што тым самым нашая судовая сістэма выразна паказала сваю залежнасць.
Валянцін Стэфановіч: “Калі быў візіт Пуціна і трэба было выпусціць расійскіх грамадзянаў — яны гэта зрабілі. Падобны прысуд атрымаў і Дзмітры Мядзведзь, справу якога слухалі ў той жа дзень. Зараз ніякіх прыездаў Пуціна не чакаецца, расійскія грамадзяне “скончыліся”, засталіся толькі нашыя, і таму прысуды будуць выносіцца такога кшталту, як сёння. Пазіцыя праваабаронцаў заключаецца ў тым, што мы настойвалі і настойваем на тым, што “масавых беспарадкаў” 19 снежня 2010 года ў Мінску не было. І сённяшні працэс Мікіты Ліхавіда яшчэ раз прадэманстраваў, што доказаў гэтага следствам прадстаўлена не было. Не была даказаная і віна ў гэтым самога Ліхавіда”.
Асноўным доказам віны Мікіты Ліхавіда стаўся кароткі відэазапіс, на якім хлопец наносіць удары па драўляных шчытох за разбітымі вокнамі Дому ўраду.