Санстанцыя не рэкамендуе піць ваду з-пад крана ў пацярпелых раёнах Мінска
З-за аварыі без вады напярэдадні засталіся жыхары Кастрычніцкага, Ленінскага і часткова Заводскага раёнаў / TUT.BY
Аварыя на вадаправодзе ў Мінску была лакалізаваная ў 0:15 22 красавіка, паведамілі ў прэс-службе МНС Беларусі. Водазабеспячэнне ў пацярпелых раёнах планавалі аднавіць да 1:30, пры гэтым ратавальнікі папярэдзілі, што праз аварыю на трубаправодзе "магчымае пагаршэнне якасці вады".
Санэпідслужба Мінска таксама пакуль не рэкамендавала піць ваду з-пад крана ў пацярпелых раёнах. Зараз спецыялісты даследуюць яе якасць.
"Да атрымання вынікаў даследаванняў рэкамендуем выкарыстоўваць ў пітных мэтах бутыляваную, альбо прывазную ваду", — цытуе галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача Мінска Святлану Ярмак прэс-служба Мінгарвыканкама.
Званок аб прарыве трубы на вуліцы Убарэвіча паступіў у службу МНС напярэдадні вечарам у 21 гадзіну 13 хвілін. У сацсетках тым часам сталі з'яўляцца фота і відэа з вуліцы, грунтоўна затопленай вадой.
Прычынай лакальнага затаплення праезнай часткі ў Чыжоўцы стала "пашкоджанні вадавода дыяметрам 1000 мм у раёне адной з будаўнічых пляцовак на вул. Убарэвіча", распавялі ў МНС.
Без вады засталіся жыхары Кастрычніцкага, Ленінскага і часткова Заводскага раёнаў. У сетцы з'явіліся фота з крамаў — людзі адправіліся за бутыляванай вадой. Улады абвясцілі, што арганізуюць падвоз вады ў цыстэрнах, апублікавалі спіс адрасоў.
Бліжэй да 23 гадзін высветлілася, што на месцы здарэння пашкоджаны і "падземны газаправод сярэдняга ціску дыяметрам 32 мм". Для ліквідацыі парыву выклікалі спецыялістаў з "Мінгазу". Тыя перакрылі газ і пачалі ліквідаваць пашкоджанні.
У МНС пакуль не могуць адказаць на пытанне, што стала прычынай аварыі.
"Меркаваная прычына прарыву – высвятляецца", — кажуць у ведамстве.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.