Магчымая эпідэмія сярод свіней пагражае беларускай свінагадоўлі
Калі факт афрыканскай чумы свіней пацвердзіцца, то гэта можа прывесці да фактычнай ліквідацыі свінагадоўлі ў Беларусі.
Такую заяву ветэрынарнага лекара з пасёлка Свіслач Пухавіцкага раёна Аляксея Цюлькова перадае сайт charter97.org. Лекар адзначае, што афрыканская чума свіней не пагражае людзям і нясе небяспеку толькі жывёлам. Аднак хвароба не лекуецца, і спыніць эпідэмію можна толькі радыкальнымі сродкамі. Трэба знішчыць усіх свінняў у радыусе да 30 кіламетраў вакол ачагу хваробы, увесці жорсткі карантын, у тым ліку на ўезд і выезд людзей.
Лекар адзначыў, што зараз траціна беларускай свініны ідзе на экспарт, пераважна ў Расію. Калі эпідэмія пацвердзіцца, замежныя пакупнікі адмовяцца ад нашай прадукцыі. Эпідэмія падарве не толькі свінагадоўлю, але і працу хлебакамбінатаў, якія вырабляюць камбікорм.
Нагадаем, што на свінакомплексе "Усходні" пад Баранавічамі зафіксаваны падзеж жывёлы. Мясцовае кіраўніцтва катэгарычна абвяргае звесткі пра эпідэмію. Тым часам,
раён свінакомплекса быў ачэплены міліцыяй, а мясцовыя жыхары заяўлялі, што ідзе масавае пахаванне жывёлы.
Фота — ntv.ru