Маладафронтаўцы адкрылі ў Кіеўскай Радзе “Беларускі штаб”

Пра гэта Еўрарадыё паведаміў актывіст зарэгістраванага ў Чэхіі “Маладога Фронту” Мікола Дземідзенка. “Беларускі штаб” запрацаваў проста ў цэнтральнай зале захопленай пратэстоўцамі Кіеўскай Рады. Актывісты вывесілі бел-чырвона-белы сцяг з надпісам “Беларускі штаб”.



Як патлумачыў Дземідзенка, на Майдане даволі шмат беларусаў, таму ўзнікла ідэя каардынаваць дзеянні. Напрыклад, дапамагаць беларусам знайсці начлег ці арганізаваць харчаванне. Або аб’ядноўвацца перад маршамі ў арганізаваную беларускую калону ды ісці пад нацыянальнымі сцягамі.



Паводле Міколы, у найбліжэйшы час яны збіраюцца перанесці “Беларускі штаб” непасрэдна на Майдан, вылучыўшы для гэтага асобны намёт.



Нагадаем, дарога да Кіева была ў маладафронтаўцаў напоўненая прыгодамі. Спачатку іх высадзілі з аўтобуса пад Пухавічамі, потым ўкраінскія памежнікі дапытвалі іх 4 гадзіны на мяжы. Потым за Чарнігавам іх спынілі даішнікі, і ў гэты момант “нехта” прапароў колы ў машыны — у выніку яны дабіраліся да Майдана на папутках.



Для Дземідзенкі гэта ўжо другая паездка на цяперашні Майдан, першы раз ён разам з паплечнікамі правёў там 4 дні.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі