Малы памежны рух: расіяне ўжо год ездзяць у Польшчу без візы
А Беларусь яшчэ ў 2010 годзе падпісала аналагічную дамову, але 3 гады не можа накіраваць у суседнюю краіну дыпламатычную ноту.
27 ліпеня спаўняецца год, як паміж Расіяй і Польшчай дзейнічае малы памежны рух. Ён дае магчымасць палякам і расіянам з памежных тэрыторый (калі яны пражываюць там не менш за 3 гады) атрымоўваць спецыяльныя дазволы, каб наведваць суседнія краіны без візаў.
Але, як высветлілася, больш за ўсіх на малым памежным руху зарабляе індыйская фірма VFS Global, якая выйграла тэндар польскага МЗС і цяпер аказвае візавую падтрымку пад шыльдай “Польскі візавы цэнтр”.
“За падачу заявы Польскі візавы цэнтр бярэ 17,5 еўра, за заяву аб дазволе на карыстанне малым памежным рухам — 10 еўра. Сюды, натуральна, трэба дадаць стандартныя аплаты ў консульстве: 35 еўра за падачу заявы наконт візы, 20 еўра за заяву аб малым памежным руху”, — Gazeta Wyborcza пачынае пералічваць складанасці, з якімі сутыкаюцца калінінградцы пры падачы дакументаў.
Згодна з падлікамі журналістаў Gazeta Wyborcza, пры складанні 1,5 тысячы заяў на дакументы штодзень (прыкладна столькі іх праходзіць праз консульства) за 20 працоўных дзён у месяцы набягае каля 2 мільёнаў злотых (амаль 600 тысяч долараў).
Размаўляць з журналістамі індыйская фірма адмаўляецца. Затое консул Польшчы ў Калінінградзе Януш Яблонскі каментуе ім памер камісійных, які бярэ за свае паслугі пасярэднік:
“Калі нехта не мае 17,5 еўра, то прабачце, але лепш няхай не едзе ў Польшчу”.
У Польскім візавым цэнтры працуюць не палякі, а расіяне. Менавіта яны робяць рэкамендацыі: каму лепей даць візу аднаразовую, а каму шматразовую. Таму, паводле Gazeta Wyborcza, калінінградскія прадпрымальнікі стараюцца наладзіць кантакты з супрацоўнікамі цэнтра, каб атрымаць больш выгадную візу.
Але пры ўсіх праблемах беларусы, якія не маюць памежнага руху з Польшчай, могуць толькі зайздросціць жыхарам Калінінградскай вобласці. Пагадненне паміж Беларуссю і Польшчай аб такім руху было падпісана міністрамі замежных спраў краін яшчэ ў 2010 годзе. Але каб ён нарэшце запрацаваў, патрэбна, каб наша краіна накіравала ў Польшчу дыпламатычную ноту. Ці можна чакаць нейкіх зменаў у святле апошніх размоваў на тэму паляпшэння адносінаў Беларусі і ЕС? Наўрад ці, мяркуе эксперт Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS) Андрэй Елісееў.
Андрэй Елісееў: “Гледзячы па апошніх падзеях, праціўнікі запуску такіх пагадненняў у Беларусі займелі сабе толькі дадатковыя аргументы. Па-першае, як нядаўна прэм’ер-міністр Мясніковіч жаліўся, што беларусы шмат грошай пакідаюць у гандлёвых цэнтрах Літвы і Польшчы. Па-другое, стала вядома, што расійская ваенная база будзе размешчана ў Лідзе, то бок у літоўскім памежжы. Таксама можа быць пэўны аргумент наконт бяспекі”.
На дадзены момант Беларусь мае малы памежны рух толькі з адной краінай, Латвіяй, які дзейнічае з 1 лютага 2012 года. Для параўнання Андрэй Елісееў прыводзіць статыстыку: Расія мае дзеючыя памежныя рухі з Польшчай і Нарвегіяй, а Украіна мае тры такія пагадненні — з Польшчай, Славакіяй і Венгрыяй.
Фота: mragowo.wm.pl