Манаеў: Знешнепалітычная арыентацыя беларуса кардынальна змянілася

Гэта вынікае з сакавіцкіх апытанняў, праведзеных Інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (НІСЭПД).

Еўрарадыё: Прайшоў пэўны час пасля прэзідэнцкіх выбараў. Якія настроі пануюць цяпер у грамадстве і што новага адбываецца цяпер у параўнанні з паслявыбарнымі падзеямі пяцігадовай даўніны?


Манаеў: Самае галоўнае — гэта змены эканамічнага самаадчування беларусаў. Не паспелі беларусы парадавацца 500-долараваму заробку і іншым эканамічным дасягненням, што былі прымеркаваныя да снежаньскіх выбараў прэзідэнта, як на гарызонце замаячыў новы крызіс. Які ўжо не спішаш на сусветныя фінансавыя ўзрушэнні.

Традыцыйнае пытанне, якое задаецца з пачатку 1990-х гадоў: “Як змяняецца вашае матэрыяльнае становішча за апошнія тры месяцы?”. У сёлетніх даследаваннях “палепшылася” адказалі 17,2%, “пагоршылася” — амаль 27%.  У чэрвені 2006 года (пяць гадоў таму) становішча было адваротным: “палепшылася” тады адказвалі 23,5% беларусаў, а пагоршылася — 11%. То бок сёння — амаль наадварот.

 

Як змяняецца вашае матэрыяльнае становішча за апошнія тры месяцы?

2006

2011

палепшылася

23,5%

17,2%

пагоршылася

11%

27%

Манаеў: Хачу падкрэсліць, што гэта пры тым, што сярэдні памер прыбыткаў на члена сям’і за месяц у 2006-м годзе складаў каля 140 долараў, а сёння трошку больш за 220 долараў.

Таксама задавалі пытанне “Як, на ваш погляд, зменіцца сацыяльна-эканамічная сітуацыя ў Беларусі ў бліжэйшыя гады?”. “Палепшыцца” адказалі 29,2%, “пагоршыцца” — 23%. У чэрвені 2006-га года на гэтае ж пытанне “палепшыцца” адказвалі 46% беларусаў, “пагоршыцца” — 11%.

 

Як, на ваш погляд, зменіцца сацыяльна-эканамічная сітуацыя ў Беларусі ў бліжэйшыя гады?

2006

2011

палепшыцца

46%

29,2%

пагоршыцца

11%

23%

То бок, за гэтыя пяць гадоў істотна пагоршылася не толькі аператыўная ацэнка, але і тое, што чакаецца ў бліжэйшыя гады. Пагаршэнне эканамічнага самаадчування непазбежна пацягнула за сабой шмат іншых звязаных з гэтым эканамічных паказчыкаў.

Напрыклад, сур’ёзна падскочыў узровень даверу да замежнай валюты. Калі пасля выбараў 2006 года доларам ЗША давяралі 46%, а беларускім рублям — амаль 28%, то ў сакавіку гэтыя суадносіны сталі 56,4% — да долара і 22% — да беларускага рубля. Я падкрэслю, што гэтае апытанне праходзіла ў першай палове сакавіка, да валютнай ліхаманкі!

Калі пасля выбараў 2006 года амаль 57% беларусаў лічылі, што ў цэлым сітуацыя ў Беларусі развіваецца ў правільным накірунку, а 31% — не ў правільным, то сёння “ў правільным” лічаць 45%, “у няправільным” — 40%.

Такім чынам, я б сказаў, што прадчуванні крызісу відавочныя.

Еўрарадыё: Выбары паказалі, што кардынальных зменаў у беларускім грамадстве не адбылося… Ці сапраўды суадносіны людзей, якія галасуюць за ўладу і за апазіцыю, не змяняюцца?


Манаеў: Вядома, калі разглядаць “пад лупай”, то нейкія дэвіяцыі заўважыць можна. Але ў цэлым — гэта так. Прынамсі, пачынаючы з 2001 года дзеючы прэзідэнт атрымлівае каля 60% ад колькасці тых, хто прагаласаваў, сёння — 58%. А за яго апанентаў, незалежна ад іх колькасці, галасуе прыкладна 30%, трошку больш…

Еўрарадыё: Чаму атрымліваецца так, што настрой пасля выбараў цяпер відавочна іншы — але вынікі ніяк не адрозніваюцца? Пра што гэта можа казаць?


Манаеў: Тут вы трошку мяняеце месцамі час. Крытычныя настроі, пра якія я кажу, характарызуюць паслявыбарную сітуацыю! Да выбараў, за снежань, дасягнулі заробку ў 500 долараў. І толькі цяпер народ пачынае разумець — якой цаной. Туман рассеяўся, святы прайшлі, святло растала… Людзі пачынаюць глядзець па баках, на жыроўкі, працэнты па крэдытах, цэны на бензін… І гэта толькі пачатак.

Але я хачу засцерагчы. Ёсць спакуса адразу хапацца нават за самы нязначны трэнд “на нашу карысць” ды казаць: ну вось яшчэ трошачкі — і за кутом будзе Еўропа ды дэмакратыя… Не думаю, што так. Нават за апошнія 10 год было нямала блізкіх ці нават яшчэ больш глыбокіх пратуберанцаў.

Сёння за тры месяцы пасля выбараў рэйтынг прэзідэнта знізіўся на 10%


Манаеў: Калі ў снежні на пытанне “За каго вы будзеце галасаваць, калі заўтра ізноў будуць выбары?”, “за Лукашэнку” адказалі 53% ад агульнай колькасці апытаных, то цяпер — 42,9%. На 10% менш.

Еўрарадыё: Сапраўды яго рэйтынг так моцна ўпаў?


Манаеў: З аднаго боку — так. Але, па-першае, пяць гадоў таму таксама было зніжэнне з 60 да 54%. Гэта натуральная з’ява, такое адбываецца ў любой краіне. З іншага боку былі прэцэдэнты, калі незалежныя сацыёлагі фіксавалі яшчэ большае зніжэнне. І нават не проста зніжэнне, а абвал!

Гэта была сярэдзіна 2002 года, праз паўгода пасля выбараў. Паводле дадзеных НІСЭПД, тады рэйтынг прэзідэнта скатваўся ніжэй за 27%. І што? У нас здарылася рэвалюцыя? Не, нейкае выйсце было знойдзена. Таму я б засцярог заўчасна казаць, што вось-вось — і ўсё зменіцца… Паглядзім, што будзе далей. Але як бы тое ні было, такія тэндэнцыі ў настроі грамадства цяпер ёсць. І яны не на карысць дзеючай уладзе.

Еўрарадыё: У якіх сферах яшчэ адбыліся змены, акрамя эканамічнага фактару?


Манаеў: Пэўнае паніжэнне энтузіязму ў дачыненні да ўлады ёсць і ў чыста палітычнай сферы.

Напрыклад, калі ў чэрвені 2006 года, праз тры месяцы пасля сакавіцкіх выбараў, прэзідэнту давяралі 61%, а не давяралі 30,5% — то бок 2 да 1 у бок даверу, то сёння гэтыя суадносіны наступныя: давяраюць 47,9%, не давяраюць — 42%. Амаль што зраўняліся.

Калі пяць гадоў таму найлепшым спосабам кіравання лічылі дэмакратыю (46%), а 30% аддавалі перавагу “моцнай руцэ”, то сёння суадносіны наступныя: 63% — за дэмакратыю, за “моцную руку” — 26%. І, што вельмі важна, у 2006 годзе амаль 56% лічылі, што “перамога Лукашэнкі яшчэ больш з’яднала беларускае грамадства”, і ўсяго 27% лічылі, што раскалола, то сёння тых, хто лічыць, што больш з’яднала — 41%, а тых, што раскалола, — 39%. Амаль зраўнавалася.

Таму пэўныя зрухі ёсць не толькі ў эканамічным самаадчуванні, але і ў палітычным.

 

Але самыя сенсацыйныя вынікі гэтага апытання звязаныя са знешнепалітычнымі аспектамі жыцця беларусаў. Перш за ўсё з выбарам: Расія ці Еўрасаюз, Усход або Захад? Тут сітуацыя не проста заўважна змянілася, а я б сказаў — стала проста адваротнай!

Пяць гадоў таму, тры месяцы пасля сакавіцкіх выбараў, на пытанне “Калі б цяпер у Беларусі праводзіўся рэферэндум з пытаннем “Ці ўступаць Беларусі ў Еўрапейскі саюз?” 31,5% гатовыя былі галасаваць “за” на рэферэндуме. А “супраць” — 49,3%. Сёння за Еўрапейскі саюз — 48,6%, а супраць — 30,5%. Сітуацыя цалкам павярнулася наадварот.

 

Калі б цяпер у Беларусі праводзіўся рэферэндум з пытаннем “Ці ўступаць Беларусі ў Еўрапейскі саюз?”, як бы вы прагаласавалі?

 

2006

2011

за

31,5%

48,6%

супраць

49,3%

30,5%

 

Тое ж пытанне наконт Расіі:


Калі б сёння адбываўся рэферэндум наконт аб’яднання Беларусі і Расіі, як бы вы прагаласавалі?

 

2006

2011

за

42%

29,2%

супраць

37,6%

53%

 

І пытанне ў альтэрнатыўным гучанні:

Калі б сёння давялося выбіраць паміж аб’яднаннем з Расіяй і ўступленнем у ЕС, што б вы выбралі?

 

2006

2011

Расія

56,5%

31,5%

Еўрасаюз

29%

50%

 

Мы бачым, што знешнепалітычная арыентацыя масавага беларуса змяняецца кардынальным чынам.

Што цяпер самае галоўнае? Змены ў эканамічных адчуваннях ці знешнепалітычная арыентацыя?


Тут як з пытаннем пра тое, што першаснае — курыца альбо яйка... Усё, канешне, узаемазвязана: і эканамічнае самаадчуванне, і ўнутрыпалітычныя ацэнкі, і знешнепалітычныя. Як бы тое ні было, сёння мы маем вялікі комплекс поглядаў, настрояў, чаканняў, страхаў, надзеяў мільёнаў беларусаў, якія істотна адрозніваюцца ад таго, што было пяць гадоў таму.

Ці дойдзе гэта да крытычнай кропкі кіпення, як у арабскіх краінах? І, мяркуючы па знешнепалітычнай арыентацыі, наколькі мы можам інтэрпрэтаваць, што сёння беларусы адной нагой у Еўропе?


Манаеў: Гэта ўсё пад вялікім пытаннем. Што тычыцца еўрапейскага выбару, то нагадаю, што дзесьці ў снежні 2003 года таксама была падобная карціна: пад 60% было за Еўропу, але пасля пайшло фінансаванне, танны газ і нафта з Расіі — і сітуацыя змянілася.

Так што не выключана, што пры нейкіх раскладах сённяшнія настроі могуць змяняцца. Але з іншага боку, чалавек усё ж такі не машына. І проста так падкруціць гайку на 2 абароты і зафіксаваць яе немагчыма… Так не бывае. Калі ўжо нейкія працэсы ідуць раз-другі-трэці… Усё адно нейкія сляды і рубцы застаюцца.

То бок агульная тэндэнцыя незадаволенасці ёсць, а таксама скіраванасці у бок Еўропы… Але пакуль нельга казаць, што гэты працэс незваротны?


Манаеў: Не, так катэгарычна казаць нельга. Калі хтосьці на падставе тых лічбаў, якія мы з вамі цяпер абмяркоўваем, заўтра напіша: “Набліжаецца рэвалюцыя, яшчэ трошку — і ў нас будзе як у Егіпце ці Лівіі”, — я думаю, што, мякка кажучы, гэта заўчасна.

Напрыклад, паводле меркавання 42% беларусаў, нядаўняя перамога рэвалюцыі ў Егіпце была “паўстаннем народа супраць жорсткай і несправядлівай улады”. Толькі 23,5% пагадзіліся з тым, што гэта быў “бунт галодных людзей”. Галоўнае, людзі бачаць гэта як паўстанне супраць несправядлівай улады.

І таму на пытанне “Ці могуць такія падзе,і як егіпецкія, паўтарыцца ў Беларусі?”, пагадзіліся 19,6%, а не пагадзіліся амаль 69%.

Гэта значыць, што, нягледзячы на ўсе гэтыя рэчы: несправядлівую ўладу, эканамічную нестабільнасць і г.д., якія сёння пранікаюць усё глыбей у свядомасць і душу беларусаў, — людзі ўсё ж такі разумеюць, што гэта яшчэ не той узровень, які адбываецца там.

А ці пойдзе ён далей?.. Тут ужо трэба не столькі да дадзеных апытанняў звяртацца, колькі да рэальных палітычных і эканамічных раскладаў, у якіх знаходзіцца беларуская ўлада і апазіцыя.

Спадар Алег, мы з вамі і раней гутарылі пра такі феномен, як “спіраль маўчання” (спасылка). Ці праявілася яна на выбарах 2010 года і якім чынам?


Манаеў: Канкрэтных лічбаў у мяне цяпер няма, але мы гэта аналізавалі. Выснова такая, што ў цэлым феномен спіралі маўчання па ранейшаму ў Беларусі дзейнічае.

Нагадаю, што гаворка ідзе пра тое, што людзі галасуюць на выбарах не толькі на падставе таго, як яны самі лічаць, а і таго, як яны думаюць, што лічыць большасць. А паколькі чалавек не можа бачыць рэальную карціну, як думаюць мільёны, то інфармацыю ён бярэ ў асноўным са СМІ. Таму той, хто кантралюе сродкі масавай інфармацыі, у значнай ступені можа на гэта ўплываць.

Тым не менш, сёння разрыў паміж тым, што людзі думаюць самі, і тое што яны думаюць пра большасць, усё ж такі скарачаецца. Зніжаецца ён таму, што з'яўляецца ўсё больш сродкаў альтэрнатыўнай інфармацыі.

Напрыклад, у чэрвені 2006 года перадачы кабельнага тэлебачання глядзелі 37,5% беларусаў, а спадарожнікавага — 13,9%. Сёння кабельнае тэлебачанне глядзіць 51,3%, а спадарожнікавае — 28,1%. У два разы больш, чым раней! Інтэрнэтам пяць гадоў таму карысталіся 27,7%, прыкладна палова з іх — рэгулярна. Сёння больш за 55% беларусаў карыстаюцца інтэрнэтам, а 43,6% — рэгулярна.

Але я падкрэсліваю, што нельга лічыць, што калі мы давядзем 100% беларусаў да інтэрнэту, то ўсё зменіцца. Ёсць маса іншых фактараў. Тым не менш, спіраль маўчання, якую мы часта ўяўляем пятлёй, што зацягваюць на шыі народа ўлады, паступова слабне.

І яшчэ адно пытанне наконт інтэрпрэтацыі вынікаў даследаванняў. У сацыялогіі лічбы ніяк не афарбаваныя эмацыйна. Тым не менш, кожны іх можа выкарыстаць на сваю карысць. Што мы і бачылі пасля апошніх прэзідэнцкіх выбараў, калі НІСЭПД агучыў вынікі даследаванняў… Паднялася шуміха наконт 51% галасоў за Лукашэнку. Улада выкарыстала гэтыя лічбы на сваю карысць…


Манаеў: Вы закранаеце вельмі балючае, сумнае і нават трагічнае для незалежных сацыёлагаў пытанне. Розныя бакі інтэрпрэтуюць вынікі, каментуюць або робяць нейкія высновы, зыходзячы з сваіх зацікаўленасцяў.

Але вы разглядаеце толькі бок улады… Я мог бы вам цяпер прывесці дзесяткі прыкладаў: пры кіраўніцтве Кебіча было тое ж самае. Абсалютна ўпэўнена магу сказаць: заўсёды прадстаўнікі беларускай улады выбіралі, вырывалі з дадзеных незалежных апытанняў грамадскасці тыя лічбы, якія былі ім выгадныя. І замоўчвалі або нават дыскрэдытавалі тое, што ім было нявыгадна. Так было заўсёды.

З гэтага пункту гледжання казаць, што сёння ўлады выкарыстоўваюць інфармацыю на сваю карысць яшчэ больш груба,  нельга. Таму што так было нават да Лукашэнкі.

Дзе мы бачым дынаміку ў горшы бок , дык гэта ў тым, як абыходзяцца з вынікамі апытанняў альтэрнатыўныя сілы. Тут я вельмі засмучаны. Гэта выражаецца ў тым, што кіраўнікі, актывісты беларускай апазіцыі, ды й незалежныя медыя таксама, вырываюць тое, што ім трэба, і наўмысна не звяртаюць увагі на тое, што ім нявыгадна.

Вашая апошняя кніжка, што выйшла зусім нядаўна, называецца “Станаўленне грамадзянскай супольнасці ў незалежнай Беларусі”. А ці ведаюць беларусы ўвогуле, што такое грамадзянская супольнасць?


Манаеў: Ёсць навуковае азначэнне грамадзянскай супольнасці. Большая частка публікі, натуральна, яго не ведае. Таму калі навукоўцы спрабуюць памераць стаўленне людзей, яны задаюць канкрэтныя пытанні. Напрыклад, “Як вы ставіцеся да дзеяння няўрадавых арганізацый? незалежнай прэсы? пашырэння канфесій?”

Разуменне таго, што гэта добра і што гэта трэба не душыць, у беларускім грамадстве ёсць. І яно мацнее. Я лічу, што адэкватнае пазітыўнае стаўленне ў беларусаў да грамадзянскай супольнасці развіваецца. Нягледзячы на тыя ўмовы, у якіх гэта адбываецца. Таму ў гэтым сэнсе шанцы на новае жыццё ў нас ёсць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі