Мандат спецдакладчыка ААН па Беларусі могуць прадоўжыць яшчэ на год
Спецдакладчык ААН Анаіс Марын / reform.by
Мандат спецдакладчыка ААН па Беларусі Анаіс Марын можа быць прадоўжаны яшчэ на год, паведамляе БелаПАН. Прапанова ўжо ўключаная ў праект рэзалюцыі па Беларусі.
Згодна з дакументам, Савет па правах чалавека ААН (СПЧ) просіць спецдакладчыка працягваць сачыць за развіццём сітуацыі ў Беларусі і падрыхтаваць даклады да 50-й сесіі Савета і 77-й сесіі Генасамблеі ААН, якія пройдуць у 2022 годзе.
У праекце рэзалюцыі выказваецца шкадаванне з нагоды "неадэкватнага адказу і адсутнасці супрацоўніцтва з боку беларускіх уладаў". Гаворка ідзе пра нежаданне Мінска рэагаваць на ранейшыя рэзалюцыі і рэкамендацыі СПЧ, а таксама пра нядопуск у Беларусь краінавага спецдакладчыка.
У дакуменце гаворыцца аб беспрэцэдэнтнай эскалацыі парушэнняў правоў чалавека і асноўных свабод, аб неадпаведных і дыскрымінацыйных абмежаваннях свабоды сходаў і выказвання меркаванняў, "што прыводзіць да сістэматычнага пераследу, запалохвання і рэпрэсіяў грамадзянскай супольнасці і незалежных СМІ". У дакуменце ёсць згадкі і пра "катаванні і іншыя жорсткія, бесчалавечныя або прыніжальныя віды абыходжання, а таксама пра сексуальны і гендарны гвалт у дачыненні да асоб, затрыманых і арыштаваных у Беларусі".
"СПЧ настойліва заклікае беларускія ўлады цалкам паважаць, абараняць і выконваць усе свае міжнародныя абавязанні ў галіне правоў чалавека", — падкрэсліваецца ў дакуменце.
Там таксама ёсць патрабаванне "неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх асоб, адвольна або незаконна затрыманых у Беларусі", а таксама спынення запалохвання і рэпрэсій. Аўтары рэзалюцыі таксама разлічваюць дамагчыся ад беларускіх уладаў акуратнага і бесстаронняга расследавання ўсіх фактаў, звязаных "са смерцю, адвольнымі затрыманнямі, катаваннямі і жорсткім абыходжаннем" з затрыманымі.
Адразу пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года Анаіс Марын была госцем эфіру на Еўрарадыё. Яна падзялілася сваімі ўражаннямі ад беларускай палітычнай кампаніі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.