Матэрыял пра кантрабанду нафтапрадуктаў з Беларусі. Увесь тэкст Шведскага радыё

Photo: Swedish Radio
Photo: Swedish Radio

Дакументы, якія ўбачылі журналісты Шведскага радыё, паказваюць, як урад Беларусі спрыяў кантрабандзе нафтапрадуктаў праз сваю краіну. Вось як гэта было зроблена. Публікуем поўны пераклад тэксту Шведскага радыё:

"Урад Беларусі свядома дапускаў кантрабанду нафтапрадуктаў праз сваю краіну. Дакументы, убачаныя Шведскім радыё, паказваюць, як правая рука Аляксандра Лукашэнкі, віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка, асабіста садзейнічаў таму, каб кантрабанда працягвалася".

"Гэта проста карупцыя на самым высокім узроўні дзяржавы, гэта наносіць шкоду эканоміцы краіны. Гаворка ідзе пра вышэйшых службовых асоб ўрада, якія абараняюць тых, хто бярэ ў гэтым удзел", ― кажа Андрэй Моўчан, які дзесяць гадоў працаваў у беларускім КДБ.

Дакументы, якія бачылі журналісты Шведскага радыё, былі атрыманыя з расследавання кантрабанды нафтапрадуктаў у Заходнюю Еўропу.

Гэта была простая схема. Беларусі дазволілі купляць бензін і нафту ў Расіі па льготнай цане. Але калі б яна хацела прадаваць нафтапрадукты ў ЕС, то павінна была заплаціць падатак Расіі. Каб пазбегнуць падаткаў, адна кампанія перамаркіравала нафтапрадукты і вывезла іх за межы краіны пад фальшывым апісаннем.

"Гэта былі тысячы тон у год, якія перасякалі мяжу пад гэтай маркіроўкай", ― кажа Андрэй Моўчан.

Дакументы, якія раскрываюць кантрабанду, атрыманыя ў выніку расследавання, праведзенага беларускімі мытнікамі ў 2007 годзе, калі Беларусь і Расія ўзгаднілі мытны збор за экспарт нафтапрадуктаў з расійскай нафты.

Дакументы паказваюць, што беларускія мытнікі спынялі цягнік, які перавозіў нафтапрадукты, якія, як яны падазравалі, былі перамаркіраванымі ў бяспошлінныя алейныя дабаўкі з мэтай пазбегнуць выплаты падатку (код прадукту 3811).

Узоры змесціва таварнага цягніка былі прынятыя мытнымі службамі і адпраўленыя ў лабараторыі Беларусі і Расіі для аналізу.

Ва ўсіх лабараторыях вынік быў адзін і той жа: груз быў маркіраваны памылкова. Ён павінен быў быць маркіраваны як нафтапрадукт, і з яго трэба было заплаціць падатак.

Мытнае расследаванне паказала, што з краіны было вывезена па меншай меры 19 000 тон нафтапрадуктаў.

"Гэта шматмільённыя страты краіны ад падатковых паступленняў", ― кажа былы агент КДБ Андрэй Моўчан, які цяпер знаходзіцца ў Швецыі, просіць палітычнага прытулку.

Згодна з вынікамі расследавання, нафтапрадукты былі адпраўленыя ў парты Эстоніі. Паводле расследавання, праведзенага мытнымі органамі Эстоніі для сваіх беларускіх калег, груз зноў атрымаў новую маркіроўку, на гэты раз правільную (2710). Калі ён быў адпраўлены ў Антвэрпэн ў Бельгію, у накладных ён быў пад апісаннем "Расійскі неэтыляваны бензін".

 

Расія неаднаразова абвінавачвала Беларусь у кантрабандзе нафтапрадуктаў з расійскай нафты. У 2012 годзе Расія сцвярджала, што Беларусь падманула яе на суму больш за адзін мільярд долараў, прамаркіраваушы нафтапрадукты як ацэтон і іншыя растваральнікі, якія не траплялі пад падатковае пагадненне з Расіяй.

Аляксандр Лукашэнка абвергнуў расійскія абвінавачвання. І ніякіх доказаў не было прадстаўлена. Але дакументы Шведскага радыё паказваюць, што палітычнае кіраўніцтва Беларусі свядома санкцыянавала кантрабанду з 2007 года.

Калі таварныя цягнікі былі спыненыя беларускімі мытнікамі, і экспарцёр рызыкаваў быць абвінавачаны ў экспарце нафтапрадуктаў пад ілжывай маркіроўкай, прэзідэнт Лукашэнка ўмяшаўся.

Пасля таго, як экспартная кампанія звярнулася да прэзідэнта, ён папрасіў намесніка прэм'ер-міністра Уладзіміра Сямашку вывучыць гэтае пытанне.

Шведскае радыё чытала перапіску Уладзіміра Сямашкі з мытнымі органамі.

Гэта сведчыць пра тое, што мытны камітэт напісаў ліст намесніку прэм'ер-міністра і паказаў яму доказ таго, што кантрабанда была. Заключэнне мытнага органа было гранічна ясным: нафтапрадукты былі незаконна перавезеныя пад ілжывай маркіроўкай.

Уладзімір Сямашка праігнараваў гэтую выснову. Наадварот, ігнаруючы інфармацыю ад мытні і некалькіх лабараторый у розных краінах, ён сцвярджае, што ўсё сумленна. І ніякіх збораў плаціць не трэба.

Ён таксама піша, што мытныя органы няправільна паступілі, даслаўшы ўзоры ў расійскую лабараторыю. Ён сказаў, што яны павінны былі правесці тэсты ў беларускай ваеннай лабараторыі.

У адпаведнасці з лістом ад Уладзіміра Сямашкі, ваенная лабараторыя прыйшла да высновы, што гэта не нафтапрадукты, якія павінны абкладацца падаткамі Расіяй.

Але служба "Рэха" Шведскага радыё бачыла справаздачу з той жа вайсковай лабараторыі. Яна паказвае, што іх заключэнне было такім жа, як і ўсе астатнія ― гэтыя нафтапрадукты павінны былі абкладацца падаткам.

Ліст, адрасаваны прэзідэнту Аляксандру Лукашэнку, падпісаны намеснікам прэм'ер-міністра Уладзімірам Сямашкам.

"Пасля гэтага яны перасталі канфіскоўваць тавары, якія перавозяцца цягніком, і ім было дазволена працягваць праходзіць мяжу. Цалкам магчыма, што яны працягваюць гэта рабіць тым жа чынам і па сённяшні дзень", ― кажа Андрэй Моўчан.

Шведскае радыё паказала некалькі дакументаў, пра якія ідзе гаворка, аналітыку Войцеху Кананчуку з Дзяржаўнага цэнтра ўсходніх даследаванняў (OSW) у Варшаве. Ён вывучаў гандаль нафтай на працягу дзесяці гадоў, надаючы асаблівую ўвагу Расіі і Беларусі.

"Я думаю, што дакументы, якія вы мне паказалі, не толькі вельмі цікавыя, але і ясна паказваюць, што гэта была, верагодна, нелегальная схема гандлю бензінам, у якой, верагодна, былі замяшаныя беларускія ўлады".

І ён кажа, што віцэ-прэм'ер, здаецца, дзейнічае па загадзе прэзыдэнта Лукашэнкі.

"Ён папрасіў свайго падначаленага Сямашку хутка нешта зрабіць з гэтай праблемай".

Войцех Кананчук лічыць, што дакументы паказваюць, што палітычнае кіраўніцтва Беларусі было ўцягнутае ў кантрабанду.

"Існуе выразны доказ таго, што віцэ-прэм'ер Сямашка не быў зацікаўлены ў працягу расследавання гэтай схемы. Такім чынам, гэта можа быць пацвярджэннем таго, што вельмі высокія чыноўнікі былі ўцягнутыя ў гэтую схему", ― кажа ён.

Яго выснова заключаецца ў тым, што віцэ-прэм'ер Сямашка і іншыя ўплывовыя людзі ў Беларусі асабіста выйгравалі ад гэтай схемы.

"Я б сказаў, незаконныя даходы. Таму што з дакументаў, якія вы мне паказалі, ёсць выразны сігнал для мяне, што віцэ-прэм'ер Сямашка выдатна разумее ідэю схемы, і што гэта па беларускіх законах з'яўляецца нелегальным".

З гэтым згодны і былы агент КДБ Андрэй Моўчан.

"Гэта звычайная карупцыя на самым высокім узроўні дзяржавы, якая шкодзіць эканоміцы краіны. Гаворка ідзе пра вышэйшых службовых асобаў ўрада, якія абараняюць тых, хто ў гэтым замяшаны", ― кажа Андрэй Моўчан, які дзесяць гадоў працаваў у КДБ.

Калі б нафтапрадукты былі экспартаваныя з Расіі легальна, без абыходу праз Беларусь, экспарцёр быў бы вымушаны плаціць поўны тарыф. Прадаючы іх праз Беларусь, і ілжыва маркируючы прадукты, як бяспошлінныя прасадкі, кампаніі і людзі на кіруючых пасадах маглі падзяліць грошы, якія не былі выплачаныя ў выглядзе збораў.

І былы агент КДБ Андрэй Моўчан, і аналітык Войцех Кананчук перакананыя, што расійскія інтарэсы таксама прысутнічаюць у справе аб кантрабандзе. Усё не так, як раней падазравалі.

"Гэта ўжо іншая справа, таму што цяпер мы можам думаць, што гэты нелегальны прыбытак быў падзелены прадстаўнікамі палітычнай кіроўнай эліты Беларусі і, верагодна, з некаторым удзелам расійскіх кампаній", ― кажа Войцех Кананчук.

"Гэты бензін расійскі. Мытная пошліна на экспарт з Расіі ў ЕС такая ж, як на экспарт з Беларусі ў ЕС, таму, калі вы хочаце рабіць усё сумленна, вам наогул не трэба рабіць гэта праз Беларусь", ― кажа Андрэй Моўчан.

Шведскае радыё папрасіла каментарыі ў віцэ-прэм'ера Уладзіміра Сямашкі і прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, але атрымала адмову".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі