Метро Парыжа наводзіць парадак на 350 мільёнаў еўра і выхоўвае пасажыраў

Грамадскі транспарт горада моды і кахання захліснула нахабства і няветлівасць. Каб адказаць на шматлікія нараканні і скаргі, кіраўніцтва парыжскага метро нават выдала адмысловы этыкет па паводзінах. Ён уключае 12 запаветаў.

“Правілы распавядаюць пасажырам, што метро не з’яўляецца месцам для абмену музыкай, якая грае так гучна, што яе чуюць усе. А таксама нагадваюць парыжанам, што надпісы No Smoking забараняюць курэнне, а не ўяўляюць сабой мастацкую інсталяцыю”, — цытуе некаторыя з правілаў выданне The Local. Яшчэ адно правіла: у гарачыя дні потныя пасажыры павінны трымаць рукі бліжэй да сябе. А насоўку раюць выкарыстоўваць, не толькі каб махаць пры развітанні, а каб “стрымліваць мікробаў”.

Ці прыслухаюцца пасажыры да парадаў метрапалітэна, невядома. У той жа час чыгуначная кампанія SNCF з грубіянамі змагаецца па-іншаму. The Local піша:

“У снежні мінулага года кампанія аб’явіла, што ўводзіць 3 тысячы інспектараў, якіх паспелі назваць “паліцыяй ветлівасці”. Яны будуць выкараняць дрэнныя паводзіны, такія як пляўкі, абразы супрацоўнікаў і звычку класці ногі на сядзенні”.

Яшчэ адна сур’ёзная прэтэнзія да грамадскага транспарта тычыцца элементарнай бяспекі. Больш за ўсё ім баяцца карыстацца маладыя людзі да 25 гадоў (59%) і жыхары парыжскіх прыгарадаў (таксама 59%). Калі ж гаварыць пра метро, то парыжане скардзяцца на брудныя станцыі, лесвіцы, што смярдзяць, і гарачыя вільготныя платформы. Менавіта таму вырашылі цягам пяці гадоў выдаць на мадэрнізацыю метро 350 мільёнаў еўра. Але хто гэта ўсё прафінансуе? Пасажыры.

“Мы вельмі сціпла караем “зайцоў”. Я буду прасіць дзяржаву павялічыць сумы штрафаў, якія будуць стрымліваць такія парушэнні”, — кажа кіраўнік аператара RATP, які абслугоўвае метро.

Цікава, што журналісты The Guardian у артыкуле, прысвечаным 150-годдзю лонданскага метро, унеслі парыжскі падземны транспарт у шасцёрку найлепшых у свеце. Яны захапляюцца лініямі, загружанымі гараджанамі і турыстамі, шматлікімі славутасцямі побач са станцыямі, як плошча Бастыліі ці Луўр, і цудоўнымі пейзажамі, якія можна пабачыць, праязджаючы па адкрытых адцінках метро. Нічога з таго, на што наракаюць самі парыжане, не ўзгадваецца, што наводзіць на пытанне: ці спускаліся самі брытанскія журналісты ў метро французскай сталіцы?

Фота: parisrental.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі