У Беларусі не хапае кіроўцаў маршрутак — дэфіцыт складае да 60%
Перавозчыкаў сталі часцей правяраць на дарозе
Прыватныя кампаніі, якія займаюцца арганізацыяй пасажырскіх перавозак, адчуваюць вялікі дэфіцыт кіроўцаў. Недахоп складае 60%, гэта 11 тысяч чалавек, прыводзіць словы старшыні Асацыяцыі прафесійных перавозчыкаў пасажыраў Кацярыны Станкевіч рэсурс Office Life. Гаворка ідзе пра колькасць кіроўцаў, якія патрэбныя прадпрыемствам, каб працаваць, цалкам выконваючы рэжым працы і адпачынку.
Станкевіч таксама распавяла, што сярэдні ўзрост кіроўцаў у прыватных арганізацыях сёння складае 42 гады, а ў дзяржаўных — 50 гадоў.
Праблема недахопу кіроўцаў пачала ўтварацца яшчэ ў 2012 годзе, калі Польшча і Літва змянілі заканадаўства. Беларусам стала прасцей атрымаць дазвол на працу кіроўцам вялікагруза. Апошнім часам праблем дадало тое, што на дарогах стала больш праверак.
"Ну вось уявіце, кіроўца па сваім маршруце захоплівае тры раёны і ў кожнага з іх свой транспартны кантроль", — распавядае Станкевіч. Ёсць яшчэ праверкі рэвізорскай службы аператара, ДАІ, транспартнай інспекцыі і падатковай. "У выніку за маршрут у 35 км кіроўца мог трапіць на дзевяць праверак!"— адзначае спецыялістка. Паводле яе слоў, цяпер у сферы перавозак стала шмат мігрантаў. Прыезджыя атрымліваюць візы на будаўніцтва, а потым ідуць працаваць кіроўцамі.
"Што тычыцца аплаты працы, то часцяком перавозчык сутыкаецца з дылемай: менш заплаціць і ўзяць менш дасведчанага кіроўцу альбо зэканоміць на запчастках. І тое і тое ўплывае на бяспеку пасажыраў", — адзначае Кацярына Станкевіч.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.