Мікалай Улаховіч: Калі б я быў праўладным, мяне сустракалі б ружамі

Мікалай Улаховіч: Калі б я быў праўладным, мяне сустракалі б ружамі

Мікалай Улаховіч з жонкай прыходзяць на свой выбарчы ўчастак пешшу і крыху раней запланаванага часу. Каб быць пунктуальнымі, пара чакае некалькі хвілін на вуліцы і заходзіць у будынак. Не спыняючыся на размову са шматлікімі журналістамі, кандыдат бярэ бюлетэнь, заходзіць у кабінку і выходзіць з яе літаральна праз некалькі секунд. З усмешкай Мікалай Улаховіч вымаўляе: “Ну што? За перамогу!” — і апускае свой голас у скрыню.

“Усё ж мы дасягнулі вынікаў, — адмаўляецца рассакрэціць свой выбар Мікалай Улаховіч і пераходзіць да агульных слоў. — Няма ніякіх рэвалюцыйных дзеянняў, няма плошчы, няма крыкаў ды гоману. Калі не атрымаецца перамагчы, то буду працаваць далей на парламенцкіх выбарах. Не кожнаму выпадае шанец стаць кандыдатам у прэзідэнты РБ. Я хваляваўся на самым першым этапе, бо вярнуўся ў палітыку праз гады. І цяпер ужо, напэўна, ніколі не сыду”.

Гадаць, колькі адсоткаў набярэ, Мікалай Улаховіч адмаўляецца. Маўляў, павага да ўсіх апанентаў не дазваляе. Але ў перамозе Лукашэнкі не сумняваецца.

“Чалавека, які ў палітыцы 20 гадоў, вельмі складана перамагчы, — тлумачыць сваю ўпэўненасць спадар Улаховіч. — І думаць, што яго электарат слабейшы за мой, — глупства. Пакуль яшчэ папросту не вырасла яму замены. Я буду працаваць на будучыню, я хачу, каб у нашага прэзідэнта былі пераемнікі. А пераемнікам я бачу толькі партыю. Калі ў прэзідэнта будзе свая партыя, ці на крайні выпадак партыя, якую ён абярэ, то яна народзіць новага чалавека!”.

Сваімі дасягненнямі Мікалай Улаховіч называе тое, што здолеў распавесці насельніцтву пра існаванне беларускага казацтва і Патрыятычнай партыі. І лічыць удзел у выбарах уласнай перамогай над сабой. Але абвінавачванні ў тым, што з’яўляецца праўладным кандыдатам, цалкам абвяргае.

“Быў шэраг выпадкаў падчас выбарчай кампаніі, калі мяне сустракалі не ружамі, а шыпамі. Калі б я быў праўладным кандыдатам, то мяне заўсёды сустракалі б ружамі. Я цяпер зразумеў, што я з’яўляюся трэцяй сілай, а не Гайдукевіч, які пра гэта ўвесь час казаў. Менавіта я прадстаўляю гэтае грамадства, у якое ўваходзяць сярэдняй рукі чыноўнікі, галоўныя спецыялісты, перадавыя рабочыя, дзеячы прафсаюзаў, БРСМ, іншых партый ды грамадскіх аб’яднанняў, “зялёных”…”.

На развітанне кандыдат ад Беларускай патрыятычнай партыі нагадвае, што ён супраць вайны.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі